У Беларусь прывезлі два эшалоны расійскіх боепрыпасаў

Чыгунка, ілюстрацыйнае фота

Чыгунка, ілюстрацыйнае фота

У першай палове верасня ў Беларусь увезлі вялікую колькасць боепрыпасаў з расійскіх арсеналаў на артылерыйскія базы Мінабароны нашай краіны. Як паведамляе "Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі", гэта адбылося ў прамежку з 1 па 17 верасня.

Дастаўка боепрыпасаў вялася падчас беларуска-расійскіх стратэгічных вучэнняў "Захад 2025", але, як сцвярджаюць чыгуначнікі, не была звязаная з імі.

Паводле іх, да 17 верасня ў Беларусь прыбылі не менш за два воінскія эшалоны, якія перавозілі выключна выбуховыя матэрыялы. Дакладныя даты іх прыбыцця выявіць не ўдалося.

Першы воінскі эшалон з 11 вагонаў адправіўся са станцыі Бутыліцы на станцыю Асіповічы-I (Магілёўскае аддзяленне БЧ). У ім было пяць крытых вагонаў з боепрыпасамі. Прыблізная маса грузу — 275-300 тон.

Другі воінскі эшалон адправіўся са станцыі Кужэнкіна на станцыю Цэнтраліт (Гомельскае аддзяленне БЧ). У ім было 20 вагонаў. Выбуховыя матэрыялы везлі ў 14 вагонах, а таксама ў пяці паўвагонах (як правіла, у паўвагонах перавозяцца транспартна-ўпаковачныя кантэйнеры з ракетным узбраеннем). Агульную масу грузу чыгуначнікі ацэньваюць прыблізна ў 1000-1070 тон.

"Супольнасць чыгуначнікаў" папярэджвае, што бліжэйшым часам могуць быць новыя пастаўкі боепрыпасаў з Расіі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.