Завод у Мінску па выпуску ўдарных дронаў будуецца з 2023 года — BELPOL

Дрон "Аскалон" / BELPOL / YouTube
У Фрунзенскім раёне Мінска з 2023 года ўпотай будуецца прадпрыемства па серыйнай вытворчасці ўдарных беспілотнікаў. Пра гэта паведамляе ў сваім расследаванні арганізацыя BELPOL, у якой аб'ядналіся былыя беларускія сілавікі.
Фармальна завод належыць прыватнай кампаніі, але фактычна гэта праект, падкантрольны Лукашэнку.
У Беларусі ёсць канструктарскае бюро "Беспілотныя верталёты", якое распрацоўвае цяжкія беспілотнікі верталётнага тыпу. Яно знаходзіцца пад санкцыямі ЗША за ўдзел у вайне супраць Украіны.
Гэтае бюро для абыходу санкцый стварыла ў 2023 годзе ЗАТ "Беспілотныя лятальныя апараты" (БПЛА). 22 жніўня таго ж года кампанія "БПЛА" купляе вытворчыя плошчы 16 га на вуліцы Янкі Маўра.
Курыруе будаўніцтва ЗАТ "Вектар Капітал груп", якой кіруе набліжаны да Лукашэнкі Віктар Шэйман. Кампанія была створаная для абыходу міжнародных санкцый пасля таго, як Упраўленне справамі Лукашэнкі трапіла пад іх. Шэйман раней акурат узначальваў Упраўленне справаў.
У "БПЛА" ўдзельнічае Уладзімір Япрынцаў — адзін з даўніх "гаманцоў" Лукашэнкі. Ён жа з'яўляецца саўладальнікам кампаніі "Беспілотныя верталёты".
Як вынікае з дакументаў, якія трапілі ў распараджэнне BELPOL, на заводзе плануецца наладзіць масавую вытворчасць двух тыпаў ударных беспілотнікаў — "Аскалон" (аналаг "Шахеда") і "Міратворац". Да канца 2025 года прадпрыемства павінна выйсці на вытворчасць да 960 ударных дронаў за год — то бок, два-тры ўдарныя дроны за дзень.
У BELPOL сцвярджаюць, што ўжо вядомыя факты продажу такіх дронаў у Расію.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.