У Беларусь паступіў пяты транш крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС
440 мільёнаў долараў залічаныя на рахунак Міністэрства фінансаў у Нацыянальным банку.
Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на прадстаўніка Нацбанка.
Перамовы беларускіх уладаў пра вылучэнне пятага транша крэдыту вяліся з прадстаўнікамі Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС некалькі месяцаў. Сяргей Шаталаў, намеснік старшыні Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР), які кіруе сродкамі ЕўрАзЭС, абяцаў перавод транша яшчэ два месяцы таму — у канцы лютага.
Да канца гэтага года ў Мінск павінен быць пералічаны яшчэ адзін, шосты па ліку транш — таксама на 440 мільёнаў долараў.
Тым часам 30 сакавіка ЕАБР апублікаваў агляд, у якім паказаў на рызыкі беларускай эканомікі. На думку аналітыкаў, беларускай эканоміцы пагражае такі ж крызіс, як у 2011 годзе.
Фота — infobank.by