У Баранавічах участковаму зламалі сківіцу, іншага траўмавалі электрашокерам
Сямейныя скандалісты ў гэтым горадзе нападаюць на міліцыянераў.
У Баранавічах сямейны скандаліст зламаў участковаму міліцыянеру сківіцу. Калі сужыцель адной з жыхарак горада ўчыніў дома скандал, па выкліку жанчыны туды прыбыў нарад міліцыі. Але скандаліста міліцыянеры ў кватэры ўжо не заспелі, запісалі паказанні і сказалі, што разбірацца з зламыснікам будзе ўчастковы. Калі апошні прыйшоў і знайшоў мужчыну, ён прапанаваў яму праехаць у аддзяленне міліцыі. Мужчына не хацеў, нават спрабаваў уцячы. Калі ж міліцыянер яго схапіў за плячо, зламыснік нанёс удар у сківіцу і збег.
Як інфармуе газета "Наш край", пазней высветлілася, што ва ўчастковага зламаная сківіца. Зламысніка неўзабаве злавілі, цяпер ён пад арыштам у ізалятары часовага ўтрымання. За напад на міліцыянера мужчыне пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.
Дарэчы, у сакавіку сёлета яшчэ адзін сямейны скандаліст у Баранавічах напаў на ўчастковага міліцыянера. Праваахоўнікі прыйшлі на выклік жанчыны. Неспадзявана мужчына напаў на іх з электрашокерам у руках. Адзін з міліцыянераў быў траўмаваны — атрымаў зарад у руку. Пасля гэтага зламыснік ударыў участковага нагой. Скандаліста затрымалі, распачатая крымінальная справа. Яму таксама пагражае да шасці гадоў пазбаўлення волі.