У адной з абласцей Беларусі вырашылі ўключыць ацяпленне ў садках і медустановах

Батарэя, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У Віцебскай вобласці 5 траўня аднаўляюць падачу цяпла ў аб'ектыў сацыяльнай сферы, паведамляе тэлеграм-канал аблвыканкама. Такое рашэнне было прынятае ў сувязі з паніжэннем сярэднясутачнай тэмпературы паветра.
Рэжым "прапальвання" ўводзіцца для дзіцячых дашкольных, школьных, лячэбна-прафілактычных, медыцынскіх устаноў, устаноў сацыяльнага забеспячэння, спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў, дзяржаўных архіваў, бібліятэк і гатэляў. Прычым закране ён не ўсю вобласць, а толькі Віцебск, Верхнядзвінскі, Гарадоцкі, Докшыцкі, Ушацкі, Шумілінскі і Полацкі раёны.
Ацяпляльны сезон у Беларусі завяршыўся ў сярэдзіне красавіка. Улады Віцебскай вобласці паведамілі пра яго заканчэнне 15 красавіка. Разам з тым паведамлялася, што на аб'ектах сацыяльнай сферы можа быць уведзены рэжым "прапальвання", калі сярэднясутачная тэмпература апусціцца ніжэй за +8 градусаў.
Тым часам сіноптыкі Белгідрамета прагназуюць пахаладанне і начныя замаразкі да -5.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.