Тры чалавекі пацярпелі: расіяне атакавалі Кіеўшчыну ўначы і раніцай
Праца ратавальнікаў / ДСНС Украіны
Уначы і раніцай 6 снежня расійская армія масіравана атакавала Украіну ракетамі і дронамі.
На Кіеўшчыне пад абстрэл трапілі Фастаўскі, Вышгарадскі і Бучанскі раёны. Кіраўнік Кіеўскай абласной вайсковай адміністрацыі Мікалай Калашнік паведаміў пра траіз пацярпелых.
У Вышгарадскім раёне жанчына 1979 года нараджэння шпіталізаваная ў мясцовую бальніцу: у яе траўмы рукі, грудной клеткі і спіны, а таксама закрытая траўма шыйнага аддзела пазваночніка.
Яшчэ двое — мужчына 1983 года нараджэння і 40-гадовая жанчына — атрымалі дапамогу на месцы і ад шпіталізацыі адмовіліся.
У Фаставе пашкоджаная вузлавая чыгуначная станцыя, узнік пажар, ёсць разбурэнні на тэрыторыі чыгуначнага вакзала і маторна-вагоннага дэпо, піша Babel. У сувязі з атакай украінская чыгунка змяняе маршруты начных пасажырскіх цягнікоў, якія павінны былі праходзіць праз горад.
У Новых Петраўцах абломкі БпЛА выклікалі маштабны пажар на складзе плошчай 5 500 кв. м, згарэлі тры грузавікі, адзін дом разбураны, шэсць пашкоджаныя. У Нежылавічах таксама гарэла прыватная будыніна, працягваюцца работы па ліквідацыі наступстваў.
Таксама выбухі чулі і ў іншых абласцях Украіны: у Луцку, Палтаве, Дняпры, Чарнігаве і ў Запарожскай вобласці.