Святлана Алексіевіч будзе публічна чытаць “Час сэканд-хэнд”
Літаратурная вечарына пісьменніцы адбудзецца ў межах “Тыдняў Германіі”, якія пачынаюцца з 15 верасня.
Традыцыйныя “Тыдні Германіі” прапануюць вялікую і разнастайную праграму, цікавую і для дарослых, і для маленькіх беларусаў, сцвярджае намеснік кіраўніка амбасады Нямеччыны ў Мінску Хольгер Рапіёр.
Хольгер Рапіёр: “Тыдні Германіі” будуць цягнуцца месяц, і ў іх межах пройдуць шматлікія мерапрыемствы па самых розных кірунках. І я магу сцвярджаць, што і дарослая частка насельніцтва, і дзеці абавязкова змогуць падабраць для мерапрыемства, дзе яны хацелі б паўдзельнічаць”.
Паказ фільмаў, канцэрты, тэатральныя пастаноўкі, фотавыставы, дэгустацыя нямецкіх він, семінары і канферэнцыі — далёка не поўны спіс мерапрыемстваў, што пройдуць падчас “Тыдняў Германіі” з 15 верасня па 10 кастрычніка. Прычым адным Мінскам арганізатары вырашылі гэтым разам не абмяжоўвацца: асобныя мерапрыемствы пройдуць у Маладзечне, Барысаве, Гомелі, Мазыры.
Тым не менш Хольгер Рапіёр асаблівую ўвагу звяртае на мерапрыемства, запланаванае на 16 верасня, — літаратурны вечар са Святланай Алексіевіч.
Хольгер Рапіёр: “Думаю, вы ведаеце, што ў мінулым годзе Святлане Алексіевіч была прысуджаная Прэмія міру Саюза нямецкіх кнігагандляроў. І я рады, што Святлана Алексіевіч дала згоду на ўдзел у нашай праграме: яна не толькі прачытае ўрыўкі са сваёй апошняй кнігі “Час сэканд-хэнд”, але і паўдзельнічае ў інтэрактыўнай дыскусіі”.
Пералічваць усе мерапрыемствы не мае сэнсу, прасцей азнаёміцца з праграмай на адмысловым сайце www.minsk.diplo.de. Але мае сэнс сказаць, што сёлетнія “Тыдні” будуць мець сваю “разынку” — казкі. Чаму — тлумачыць дырэктар Інстытута імя Гётэ ў Мінску Франк Баўман.
Франк Баўман: “Казкі — гэта вельмі нямецкая тэма, яна вельмі шчыльна звязаная з нямецкай літаратурай, з гісторыяй літаратуры і з часам рамантызму. Казкі — гэта ўжо своеасаблівы стэрэатып: калі людзі думаюць пра тое, што з сябе ўяўляе нямецкая культура, то найперш прыгадваюцца яны. Казкі — гэта вусныя і пісьмовыя гісторыі не толькі для дзяцей, але і для дарослых”.
З гэтай нагоды Еўрарадыё асаблівую ўвагу звяртае на аднаго з гасцей “Тыдняў Германіі” — Тэатр казкі з Сімонай Мучлер. Франк Баўман сцвярджае, што, нават не ведаючы нямецкай мовы, маленькія беларусы добра зразумеюць яе казачныя пастаноўкі.
Шэраг мерапрыемстваў у межах “Тыдняў Германіі” арганізуе Інфармацыйнае бюро DAAD. Але і тут без казачнай тэматыкі не абыдзецца: 4 панядзелкі запар культурныя пасярэднікі з Германіі прадставяць свае любімыя кнігі нямецкіх аўтараў. І такая ж магчымасць будзе ў наведнікаў гэтых вечароў. Кіраўніца бюро Керсцін Мюлер па сакрэце прызнаецца, што таксама прадставіць дзве свае любімыя кнігі — кнігі казак.
Еўрарадыё звяртае ўвагу арганізатараў “Тыдняў Германіі” на пэўную акадэмічнасць мерапрыемстваў — не прадстаўленая сучасная моладзевая культура. Да прыкладу, рок-музыка. Не, каб запрасіць які нямецкі рок-гурт, той жа Rammstein, выступіць!
Франк Баўман: “Мы сёлета падрыхтавалі некалькі музычных мерапрыемстваў, але яны адбудуцца не ў межах “Тыдняў”. Восенню ў Мінску пройдуць дзве ночы з нямецкімі дыджэямі, будзе выступ электроннага калектыву з Германіі. А ў наступным годзе адбудзецца і выступ нямецкага рок-гурта. Цікава, што вы згадалі Rammstein, але, на жаль, мы не можам іх запрасіць — гэта камерцыйна паспяховы гурт. Усе нашы арганізацыі існуюць за кошт падаткаплацельшчыкаў, і мы не можам гэтыя грошы выдаткоўваць на калектывы, якія і так выдатна зарабляюць на канцэртах”.
Цікава, што сёлета ў праграме “Тыдняў” няма адмысловых эканамічных мерапрыемстваў. Намеснік кіраўніка амбасады Германіі ў Мінску Хольгер Рапіёр тлумачыць гэта неабходнасцю асэнсаваць вынік мінулых эканамічных форумаў, што адбываліся ў межах “Тыдняў” 7 гадоў запар — які вынік далі мінулыя форумы для нямецкай эканомікі?
У працяг тэмы Еўрарадыё просіць Хольгера Рапіёра асэнсаваць і падвесці вынікі года сваёй працы ў Беларусі — дыпламат прыехаў у нашу краіну ў 2013 годзе. Ці адбылося пацяпленне адносінаў паміж Германіяй і Беларуссю?
Хольгер Рапіёр: Пра пацяпленне можна казаць толькі тады, калі яму папярэднічаў вельмі халодны перыяд. А вельмі халодных адносінаў паміж нашымі краінамі не было. Мы пастаянна кажам пра тое, што ў двухбаковых немецка-беларускіх адносінах ёсць яшчэ вельмі вялікі патэнцыял. І мы радыя, што ў сферы культуры і адукацыі гэты патэнцыял эфектыўна выкарыстоўваецца. Ёсць такі патэнцыял і ў эканамічным аспекце нашых узаемаадносінаў. Той факт, што Нямецка-беларускі эканамічны клуб працуе ў Беларусі 20 гадоў, — сведчанне таго, што ў пэўнай ступені гэты патэнцыял выкарыстоўваецца і ў сферы эканамічных адносінаў. Тым не менш хочацца адзначыць, што нямецкія прадпрымальнікі, якія альбо працуюць тут, альбо думаюць пра гэта, вельмі ўважліва сочаць за тым, якія працэсы ў вашай краіне адбываюцца, і паводзяць сябе даволі… стрымана. Што ж да нямецкай замежнай палітыкі, то яна, безумоўна, ідзе поруч з еўрапейскай палітыкай — тут мы кажам пра сумесную палітыку Еўрасаюза. Тут цягам года былі пэўныя целарухі: той жа саміт Усходняга партнёрства ў Вільні. Еўрасаюз размаўляе з Беларуссю — ідзе размова пра спрашчэнне візавага рэжыму і гэтак далей. Калі ж казаць пра мае асабістыя назіранні наконт таго, ці заўважыў я нейкія змены цягам гэтага года, то скажу так: я хацеў бы, каб такія змены адбываліся, але, на жаль, я, як і мае калегі з іншых еўрапейскіх краін, не магу гэта канстатаваць.
Еўрарадыё: Вы маеце на ўвазе наяўнасць у Беларусі палітзняволеных?
Хольгер Рапіёр: Сапраўды, у Еўрапейскага саюза ёсць пэўныя чаканні, і гэтыя чаканні даўно вядомыя. Таму не бачу патрэбы паглыбляцца ў гэтую тэму. Магу толькі сказаць, што шмат хто ў Еўропе быў бы вельмі рады, калі б патэнцыял у палітычных узаемаадносінах з Беларуссю атрымаў шанец на рэалізацыю.