Стрыжак патлумачыў, чаму не даў каментар для тэкста пра рассылку дыкпікаў
Андрэй Стрыжак / Еўрарадыё
Сайт "Зеркало" апублікаваў інтэрв'ю з фактычным кіраўніком фонда BYSOL Андрэем Стрыжаком. Між іншага, ён згадвае ў ім і Еўрарадыё, а менавіта — тлумачыць, чаму адмовіўся даць нам каментар, калі мы рыхтавалі тэкст пра рассылку дыкпікаў:
"...я не ведаў, у чым канкрэтна мяне збіраюцца абвінавачваць [у матэрыяле "Еўрарадыё"]. Я не ведаў увогуле, пра што будзе ісці гаворка, і таму я не быў гатовы даваць гэты каментар загадзя", — расказвае Стрыжак.
А вось як гучала пытанне, якое Еўрарадыё задало Стрыжаку:
"Да нас звярнуліся некалькі дзяўчын, якія сцвярджаюць, што ты ім дасылаў эратычныя фотаздымкі без іх згоды. Ты пракаментуш сітуацыю?"
У адказ Стрыжак паведаміў, што перш, чым даваць каментар, хоча азнаёміцца з тэкстам.
Як вы лічыце: ці ёсць у Андрэя Стрыжака падставы сцвярджаць, што ён не ведаў, у чым канкрэтна яго "збіраюцца абвінавачваць", і "не ведаў увогуле, пра што будзе ісці гаворка"?