Андрэй Стрыжак усё ж пакідае фонд BYSOL

Андрэй Стрыжак

Андрэй Стрыжак

Андрэй Стрыжак заявіў, што ўсё ж пакідае фонд салідарнасці BYSOL — нягледзячы на ранейшае рашэнне застацца там у якасці кансультанта. У аўторак ён падпіша дакументы пра перадачу правоў заснавальніка.

"Гэтае рашэнне далося мне нялёгка, але я разумею тую адказнасць, якую несу за лёс аднаго з ключавых праектаў па дапамозе палітзняволеным і іх сем’ям", — каментуе Стрыжак.

Арганізацыю чакаюць структурныя змены. Увесь склад цяперашняга дырэктарату BYSOL абвясціў, што неўзабаве пакіне фонд. Ужо стварылі працоўную групу, якая ініцыюе змены ў Статут і выпрацуе новы алгарытм абрання органу кіравання.

Чальцы BYSOL, якія раней агучвалі намер пакінуць арганізацыю, атрымалі просьбу перагледзець рашэнне ў сувязі з новымі абставінамі. "Мы робім усё магчымае, каб гэтыя перамены не ўплывалі на дапамогу пацярпелым ад рэпрэсій і каб BYSOL заставаўся моцнай і эфектыўнай арганізацыяй", паведамляе фонд.

Пасля скандалу з рассылкай дзікпікаў з боку Стрыжака у фондзе прайшло ўнутранае расследаванне. Камісія, якая яго праводзіла, выявіла 12 выпадкаў харасменту з яго боку і рэкамендавала спыніць супрацу фонду са Стрыжаком. Аднак ён як адзіны заснавальнік фонду прымусіў прыняць рашэнне пра выпрабавальны тэрмін для сябе на 6 месяцаў. Праўда, пры гэтым Стрыжак абавязаўся перадаць заснавальніцтва фонду іншаму чалавеку і не займаць кіраўнічыя і прадстаўнічыя функцыі. 

Пасля гэтага трое супрацоўнікаў фонду абвясцілі пра сваё звальненне на знак пратэсту. BYSOL быў выключаны з Міжнароднага гуманітарнага фонду, некаторыя праваабарончыя арганізацыі адмовіліся супрацоўнічаць з ім.

На рашэнне Стрыжака пакінуць BYSOL паўплывала тое, што частка супрацоўнікаў (больш за траіх, якія сышлі ў працэсе ўнутранай праверкі, звязанай з абвінавачаннямі ў харасменце) заявілі пра намер пакінуць фонд праз нязгоду з рашэннямі, прынятымі раней, і з унутраных нюансаў камунікацыі. У тым ліку гаворка пра ўвесь склад дырэктарата — органа, які фармальна кіруе фондам, хаця апошняе слова застаецца за заснавальнікам.

Як стала вядома Еўрарадыё, цяпер ім сапраўды прапанавана перагледзець намеры.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.