Сіноптык Рабаў: Студзень адчыніць “браму холаду”

На выходных у Беларусь прыйдуць маразы і студзень адчыніць “браму холаду”, аднак затым будзе адліга. Такі прагноз даў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Белгідрамета Дзмітрый Рабаў.
Па яго інфармацыі, у бліжэйшыя выходныя ўмовы надвор’я ў Беларусі будуць вызначацца вобласцю павышанага атмасфернага ціску, сфармаванай у халоднай вільготнай паветранай масе.
У суботу ў асобных раёнах будзе невялікі снег, месцамі слабы туман, шэрань. На асобных участках дарог галалёдзіца. Уначы тэмпература паветра складзе мінус 15-22 градусы, а пры праясненнях мінус 23-27. Удзень будзе –8 –13, месцамі –14 –17, па паўднёвым захадзе ўначы –9 –14, удзень –4 –7.
У Мінску не прадбачыцца істотных ападкаў, толькі месцамі па горадзе будзе слабы туман і шэрань. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература ўначы –18 –19, удзень -11 –13.
У нядзелю ўначы пераважна без ападкаў, раніцай і ўдзень па паўночна-заходняй палове кароткачасовы снег. Месцамі туман, шэрань, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература ўначы –18 –25, пры праясненнях –26 –28, удзень –8 –15, у заходніх раёнах уначы –10 –17, удзень –3 –7.
Па Мінску ў нядзелю ўвечары магчымы кароткачасовы снег, месцамі па горадзе слабы туман, шэрань. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература ўначы –22 –24, удзень –8 –10.
Ужо з панядзелка надвор’е пачне рэзка змяняцца: з Атлантыкі ў Беларусь прыйдуць цёплая і вільготная паветраная маса, што прывядзе да павышэння тэмпературы паветра. Надвор’е стане вільготным і ветраным.
25 студзеня ў панядзелак часам будзе ісці снег, па захадзе мокры снег, наліпанне мокрага снегу, слабы галалёд. На асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы ад –3 па захадзе да –17 па ўсходзе. Удзень –5 +2, па ўсходзе да –9.