Сілавікі з "маскі-шоу" затрымалі топ-менеджараў "Еўраопта" — СМІ

Крама "Еўраопт", ілюстрацыйнае фота

Крама "Еўраопт", ілюстрацыйнае фота / TUT.by

15 траўня быў затрыманы шэраг топ-менеджараў "Еўрагандлю" — кампаніі, якая валодае сеткай крамаў "Еўраопт". Прычына прэтэнзі пакуль невядомая.

Як піша "Наша Ніва" са спасылкай на ўласныя крыніцы, у цэнтральным мінскім офісе кампаніі адбылося "маскі-шоу" з выбіваннем дзвярэй. Мяркуецца, што ператрус учынілі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Дзяржкантролю. Былі затрыманыя топ-менеджары, якія знаходзіліся ў памяшканні. Персанал на менш значных пазіцыях пакінулі на свабодзе.

"Еўрагандаль" — самае вялікае прыватнае прадпрыемства ў краіне: у сетку ўваходзяць 1139 крам. На канец 2024 года ў кампаніі працавалі амаль 32 тысячы чалавек.

Асноўныя бенефіцыяры кампаніі — Сяргей Літвін і Уладзімір Васілько — жывуць за мяжой пасля папярэднягу наезду на "Еўраопт", які адбыўся на пачатку 2000-х. Свой беларускі бізнес яны кантралююць праз еўрапейскія юрыдычныя асобы.

Варта адзначыць, што ператрус у "Еўраопце" прайшоў на фоне крызісу з з гароднінай. Дзяржаўная палітыка рэгулявання цэн прывяла да таго, што пастаўшчыкам стала нявыгадна пастаўляць прадукцыю ў беларускія крамы. Вялікая частка прадукцыі адпраўляецца ў Расію па рынкавых цэнах. А беларускі гандаль не можа сабе дазволіць яе купляць, бо прадаваць давядзецца ў страту сабе. Асабліва востры дэфіцыт адчуваецца ў бульбе, цыбулі і капусце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.