У Віцебскай вобласці "згубілі" больш за тысячу тон бульбы

Бульба, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Чыноўнікі ў Віцебскай вобласці дзесьці "згубілі" больш за тысячу тон бульбы. Вядома пра гэта стала з унутранай перапіскі некалькі ведамстваў, якую выданне "Зеркало" здабыла з дапамогай арганізацыі BELPOL.
Праблемы з бульбай беларусы адчуваюць апошнія некалькі месяцаў. Тым часам прапаганда запэўнівае, што бульба ў крамах ёсць і з ёй усё ў парадку. Аднак самі чыноўнікі глядзяць на сітуацыю больш рэальна.
У лісце ад 31 сакавіка Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) просіць кіраўніка Віцебскай вобласці Генадзя Сабыніча тэрмінова паведаміць, колькі бульбы засталося ў сховішчах вобласці. Аблвыканкам рапартуе, што ўвосень у стабфонды вобласці адправілі на захоўванне 7533 тоны бульбы. На момант складання ліста рэалізавана было 5612 тон.
"Зыходзячы з фактычнага расходу, прадстаўленага Віцебскім аблвыканкамам, рэшткі бульбы на 29 сакавіка 2025 г. павінны скласці 1921 тону (7533 тоны закладзена — 5612 тон расход = 1921 тона рэшта). Разам з тым фактычная астача бульбы ў стабфондах паказаная ў аб'ёме 886 тон, ці менш за разліковую на 1035 тон", — канстатуюць у лісце МАРГ.
Не сышліся лічбы і па канкрэтным сховішчы ў вобласці — Талачынскім кансервавым камбінаце. Там нарыхтавалі на зіму 4800 тон, выдаткавалі 3378 тон. Але астача склала 156,3 тоны — ніжэй за запланаваныя на 1422 тоны, адзначаюць у МАРГ. Ведамства запатрабавала ў Сабыніча неадкладна адказаць, куды "выпарылася" больш за тысячу тон гародніны.
Адказ прыйшоў за подпісам Андрэя Булаўкіна — старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама. Ён прызнае, што ў Талачынскае сховішча сапраўды адправілі 4800 тоны бульбы. Але, піша чыноўнік, толькі на траціну гэтага аб'ёму заключаныя дамовы з беларускімі суб'ектамі гандлю. Ён падае наступныя лічбы:
805,3 тоны — фактычна рэалізавана ў рамках заключаных дамоваў;
2076 тон — "выведзена ў адпаведнасці з заканадаўствам на іншыя мэты";
497,1 тоны — "накіравана ва ўласную перапрацоўку на вытворчасць бульбы фры і крухмалу".
Калі ад 4800 тон адняць названыя колькасці, атрымаецца 1 421,6 тоны. Булаўкін, аднак, піша, што "ў адпаведнасці з зацверджаным графікам" павінна застацца 781,9 тоны, а фактычна засталося 156,3 тоны бульбы. Куды падзелася астатняя, чыноўнік не тлумачыць. Алё ён запэўнівае, што Віцебская вобласць без бульбы гандаль не пакіне, бо ў Талачынскім сховішчы ёсць яшчэ некалькі тысяч тон несартаваных клубняў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.