Што не так з версіяй СК. Аэраразведчык пра дрона на Матусевіча

Беспілотнік на вуліцы Матусевіча, Мінск / Следчы камітэт
Добраахвотнік-аэраразведчык з пазыўным Крот дапамог Еўрарадыё прааналізаваць фатаграфіі абломкаў беспілотніка, які днямі ўпаў у Мінску.
Шруба ад аднаго беспілотніка, крыло — ад іншага
Следчы камітэт выклаў фота меркаваных абломкаў. На здымках відаць крыло, якое належыць БПЛА самалётнага тыпу — гэта значыць, апаратам, якія вонкава нагадваюць самалёт з крыламі.
Беларускія сілавікі не ўдакладнялі паходжанне дрона. Але выклалі фота дэталі з надпісам на ўкраінскай мове: "Обережно, гвинт. Рухома частина " (Асцярожна, шруба. Рухомая частка). І такія дэталі выкарыстоўваюць у іншых тыпах дронаў — мультыкоптэрах, якія лётаюць за кошт вінтоў.

— Гэтыя здымкі — відавочны ўкід. Дэталь, на якой напісана "Обережно, винт" — гэта прамень ад матора з прапелерам. Такія не ставяць на беспілотнікі самалётнага тыпу. Іх выкарыстоўваюць у звычайных дронах тыпу "Баба Яга" (нефармальная назва ўкраінскага цяжкага ўдарнага дрона), — звяртае ўвагу Крот.
Міністэрства абароны Беларусі паведаміла пра падзенне беспілотніка ў раёне Мінскай вуліцы Матусевіча ў ноч на 29 ліпеня. Днём Следчы камітэт выклаў відэа, зробленае з камеры назірання ў двары.
На відэа бачна, што дрон пачынае зніжацца, але кранае шматпавярхоўку і падае ўніз у двары дома. Дэтанацыі не было, хоць у Следчым камітэце сказалі, што беспілотнік быў нашпігаваны трацілам і металічнымі шарыкамі.
— Па гуку на відэа можна меркаваць, што беспілотнік збілі. На малюнку мы бачым, што ён падае носам уніз. Калі б у яго была баявая частка, адбыўся б выбух, — рэзюмуе Крот.
Чаму дроны залятаюць у Беларусь?
Гэта не першы беспілотнік з пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі ва Украіне, які прыляцеў у Беларусь. Але першы, які даляцеў да Мінска.
Звычайна беспілотнікі, якія заблукалі, прылятаюць у Беларусь, таму што збіваюцца з маршруту пад уздзеяннем сродкаў радыёэлектроннай барацьбы, тлумачыць Крот. Гэта значыць радыёвыпраменьванне выкарыстоўваюць, каб заглушыць навігацыю варожага дрона, і той губляе курс.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.