Следчы камітэт заяўляе, што збіты ў Мінску дрон быў наладаваны трацілам

Абломкі дрона ў Мінску / Следчы камітэт
Дрон, які ўпаў на мінскай вуліцы Матусевіча, быў наладаваны трацілам і вялікай колькасцю металічных шарыкаў. Аднак зваліўся ён без дэтанацыі. Пра гэта заявілі ў Следчым камітэце Беларусі.
"Абломкі беспілотніка пашкодзілі некалькі прыпаркаваных аўтамабіляў і прызямліліся на прылеглую да дома тэрыторыю. У выніку здарэння пацярпелых няма, эвакуацыя жыхароў не праводзілася", — гаворыцца ў паведамленні ведамства.
Паведамляецца, што на месцы здарэння працавала следча-аператыўная група, якая прыцягнула спецыялістаў з дзяржкамітэа следчых экспертыз і сапёраў. "Канфіскаваныя фрагменты корпуса і крылаў БПЛА, рухавік, прыборы навігацыі і баявая частка, забяспечаная трацілам і вялікай колькасцю паражаючых элементаў у выглядзе металічных шарыкаў", — сцвярджаюць у СК.
Пра інцыдэнт на вуліцы Матусевіча стала вядома з недзяржаўных СМІ. Пазней Мінабароны пацвердзіла падзенне дрона ў мінску і заявіла, што ён быў збіты сродкамі РЭБ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.