Сезон сельскагаспадарчых кірмашоў стартуе ў Мінску 20 верасня
Кірмашы будуць праходзіць кожныя выходныя па 7 снежня ўключна / onliner.by
Сезон сельскагаспадарчых кірмашоў у Мінску пачнецца 20 верасня 2025 года і скончыцца 7 снежня, паведаміла начальніца галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Мінгарвыканкома Алена Нагорная.
У дадзены момант улады горада актыўна прыцягваюць з усіх абласцей Беларусі фермераў і вытворцаў сельгаспрадукцыі.
Гандлёвыя пляцоўкі будуць працаваць ва ўсіх раёнах Мінска. Цэнтральнай і самай буйной пляцоўкай, з найбольшым асартыментам, стане кірмаш каля "Чыжоўка-Арэны".
У асартыменце кірмашоў будуць бульба, цыбуля, морква, капуста, бурак, мясныя вырабы і сала, хатнія нарыхтоўкі, варэнні, памідоры ў банках, мёд і прадукты пчалярства, кветкі, расада і саджанцы, а таксама прадукцыя фермерскіх гаспадарак: малочныя прадукты і каўбасы.
Улады Мінска абяцаюць арганізаваць актывістаў БРСМ, каб тыя дапамагалі пажылым людзям, людзям з інваліднасцю ў дастаўцы прадуктаў дадому.