Частку тэрыторый Гомельшчыны перасталі лічыць радыяцыйна небяспечнымі
Радыяцыя / Еўрарадыё
Урад выключыў са складу радыяцыйна небяспечных земляў частку тэрыторый Веткаўскага, Жлобінскага і Чачэрскага раёнаў Гомельскай вобласці. Адпаведная пастанова №665 Савета міністраў афіцыйна апублікаваная 25 лістапада на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
У дакуменце загадваюць больш не лічыць радыяцыйна небяспечнымі ўчасткі больш за 875 гектараў. Іх перавядуць у гаспадарчае выкарыстанне.
Веткаўскаму, Жлобінскаму і Чачэрскаму райвыканкамам урад даручыў на працягу месяца вызначыць межы ўчасткаў і перадаць іх для далейшага выкарыстання. Адпаведныя змены будуць унесеныя і ў зямельна-кадастравую дакументацыю.
Саўмін даручыў мясцовым уладам кантраляваць умовы выкарыстання гэтых зямельных участкаў і радыеактыўнае забруджванне прадукцыі, якая будзе вырабляцца на гэтых тэрыторыях.