17 млн рублёў: дадзеныя пра запазычанасць па заробках у Беларусі — BELPOL

На 1 снежня 2025 года заробак не быў выплачаны ў 64 арганізацыях

На 1 снежня 2025 года заробак не быў выплачаны ў 64 арганізацыях / Euroradio

На 1 лістапада 2025 года заработная плата не была выплачаная ў 50 арганізацыях Беларусі. Сума пратэрмінаванай запазычанасці складала 20,3 млн рублёў. Да 1 снежня 2025 года ўжо ў 64 арганізацыях дапусцілі нявыплату заробку. Такімі дадзенымі Нацыянальнага статыстычнага камітэта падзяліўся BELPOL з Еўрарадыё.

Пры гэтым з 64 прадпрыемстваў 18 знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі.

Сума пратэрмінаванай запазычанасці на 1 снежня склала 17,1 млн рублёў. З іх 73,8 тыс. рублёў — не пералічаныя на выплату аліментаў і кампенсацыю выдаткаў, панесеных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні.

На 1 лістапада сума запазычанасці па заработнай плаце складала 20,3 млн рублёў.

Мінск лідзіруе па колькасці арганізацый, якія дазваляюць сабе затрымліваць заробкі работнікам. Найменш такіх прадпрыемстваў у Гомельскай вобласці.

Лідары сумнай гонкі

ААТ "Хуа Сінь будаўнічая кампанія", рэзідэнт парка "Вялікі Камень", вінная сваім работнікам крыху больш за адзін мільён рублёў. Пры гэтым кампанія два дні таму пачала пошук дырэктара з заробкам у 3 500 рублёў.

ААТ "Ікс-Лабс Інк", якое займаецца распрацоўкай праграмнага забеспячэння, мае запазычанасць перад работнікамі на ўзроўні каля 3,5 млн рублёў.

Цікава, што ў спісе прысутнічае і прадпрыемства Кіраўніцтва справамі Аляксандра Лукашэнкі — ААТ "Александрыйскае", якое віннае работнікам 500 рублёў.

Якая прадугледжаная адказнасць

Калі дырэктар прадпрыемства дапусціў запазычанасць па заробку, яго могуць прыцягнуць да адказнасці за адміністрацыйнае правапарушэнне, напрыклад, аштрафаваць.

Крымінальная адказнасць можа наступіць тады, калі кіраўніцтва ўжывае махлярскія схемы пры выплаце заробкаў або ўтойвае запазычанасць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.