У Фларэнцыі адкрыўся Цэнтр беларускай супольнасці — пры ўдзеле Ціханоўскай
Ціханоўская адкрыла Цэнтр беларускай супольнасці ў Фларэнцыі / прэс-служба Ціханоўскай
9 снежня ў італьянскай Фларэнцыі адкрыўся Цэнтр беларускай дэмакратычнай супольнасці пры ўдзеле Святланы Ціханоўскай. Пра гэта выданню "Позірк" расказаў галоўны дарадца лідаркі беларускіх дэмакратычных сілаў Франак Вячорка.
Плануецца, што ў цэнтры будуць ладзіцца культурніцкія, адукацыйныя і палітычныя мерапрыемствы, звязаныя з Беларуссю.
Вячорка паведаміў таксама, што Ціханоўская возьме ўдзел у адкрыцці прытулку для беларускіх палітычных уцекачоў і членаў іх сем’яў у прыгарадзе Фларэнцыі.
Ціханоўская ўжо наведвала Фларэнцыю сёлета ў сакавіку. Тады мэр горада Сара Фунаро ўручыла ёй так званую "Пячатку міру", што ўручаецца палітычным і культурніцкім дзеячам, якія зрабілі ўнёсак у прасоўванне каштоўнасцей міру і свабоды.