Неглюбскія ручнікі ўнесеныя ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА
Неглюбскія ручнікі / МЗС Беларусі
Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны 9 снежня ўключыў у Спіс ЮНЕСКА элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны "Неглюбская тэкстыльная традыцыя Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці", паведамляе МЗС Беларусі.
Адпаведнае рашэнне было прынятае падчас 20‑й сесіі ў Нью-Дэлі.
Неглюбская тэкстыльная традыцыя сфармавалася ў XVII стагоддзі. З дапамогай гэтай тэхнікі ткацтва і вышыўкі ствараліся ручнікі, прадметы адзення і інтэр’еру. Асаблівую вядомасць набылі неглюбскія ручнікі, якія вылучаюцца складанай паліхромнай гамай (да 25 адценняў) і вялікай колькасцю арнаментаў — больш за 120 варыянтаў.
"Геаметрычныя і раслінныя арнаменты ("крывулі", "павукі", "яблынька") нясуць у сабе зашыфраваныя пажаданні дабра, кахання, дабрабыту і здароўя. А ўнікальнасць тэхнікі, пры якой ткацтва вядзецца з левага боку, забяспечвае непаўторнасць кожнага вырабу", — гаворыцца ў паведамленні МЗС.
Раней неглюбскія ручнікі атрымалі статус аб’екта гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.
Цяпер у Спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА налічваюцца сем беларускіх элементаў: святочны калядны абрад "Калядныя цары" ў вёсцы Семежава (2009 год), "Урачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)" у вёсцы Будслаў (2018 год), "Юр’еўскі карагод" у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна (2019 год), культура бортніцтва (2020 год), саломапляценне (2022 год), "Выцінанка — традыцыйнае мастацтва выразання з паперы ў Беларусі" (2024 год).