Штучны інтэлект і інвестыцыі. АПК прэзентаваў стратэгію рэформ Беларусі
Шахта ПАА "Беларуськалій" / LookByMedia
У Варшаве прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК) па эканоміцы і фінансах Аліса Рыжычэнка прэзентавала стратэгію эканамічнай трансфармацыі Беларусі пасля транзіту ўлады і дэмакратызацыі.
Эканамістка прадставіла стратэгічнае бачанне развіцця ключавых сфер — ад адукацыі і навукі да цыфравізацыі і мадэрнізацыі дзяржаўнага кіравання.
Сем рэформ, якія павінны змяніць эканоміку Беларусі
Распрацаваная канцэпцыя абапіраецца на чатырохфазную мадэль ператварэнняў, дзе першыя 18 месяцаў пераходнага перыяду прысвечаныя стварэнню рынкавых інстытутаў і фінансавай базы для інвестыцый у чалавечы капітал. У дакуменце пададзеныя сем ключавых рэформ.
Рэформа дзяржзакупак
Укараненне поўнай электроннай сістэмы дзяржзакупак павінна забяспечыць стоадсоткавую празрыстасць працэсаў і штогадовую эканомію бюджэту на 700–900 млн еўра.
Лічбавізацыя дзяржапарату
Плануецца перавод 99% дзяржпаслуг у анлайн-рэжым кругласутачнага абслугоўвання, інтэграцыя дзяржбаз дадзеных і развіццё адкрытых дадзеных. Чаканая эканомія — 800–1000 млн еўра штогод, рост эфектыўнасці кіравання — да 60%.
Пенсійная рэформа
Трохузроўневая сістэма створыць доўгатэрміновы інвестыцыйны капітал да 40 млрд еўра за 15 гадоў, які стане рэсурсам для укладанняў у тэхналагічныя кампаніі.
Падатковыя стымулы для інавацый
Увядзенне падатковага выліку на даследаванні і распрацоўкі памерам 150–200% выдаткаў павінна прыцягнуць 500–700 млн еўра прыватных інвестыцый штогод.
Рэформа дзяржпрадпрыемстваў
Прадпрыемствы дзяржформы ўласнасці пяройдуць на сістэму KPI (ключавыя паказчыкі эфектыўнасці) і будуць абавязаны накіроўваць 3–5% выручкі на даследаванні і распрацоўкі.
Прыватызацыя нестратэгічных актываў можа прынесці 1,5–2 млрд еўра — сродкі прапануецца інвеставаць у адукацыйную інфраструктуру, павышэнне заробкаў настаўнікаў.
Энергетычная рэформа
Плануецца павышэнне долі аднаўляльных крыніц энергіі да 25% і мадэрнізацыя энергасістэмы пад патрэбы дата-цэнтраў і высокатэхналагічных галін. Для гэтага прапануецца выкарыстоўваць магутнасці БелАЭС.
Абарона інвестыцый
Для прыцягнення 10–15 млрд еўра прамых замежных інвестыцый за пяць гадоў прапануецца ўкараніць стандарты арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, стварыўшы незалежны інвестыцыйны арбітраж.
Падчас мерапрыемства было абвешчана пра запуск бясплатнай анлайн-школы па штучным інтэлекце і AI-праграмаванні. Ініцыятыва нацэленая на падтрымку беларусаў, стварэнне новых эканамічных магчымасцяў і фармаванне спецыялістаў для будучай інавацыйнай эканомікі.
Канчатковая мэта рэформаў — ператварыць экасістэму Беларусі ў эканоміку ведаў з еўрапейскімі стандартамі. Прадстаўленая стратэгія разлічаная на тое, каб падняць ВУП на душу насельніцтва да 28–32 тысяч долараў ужо да 2030–2032 гадоў.
Рыжычэнка мяркуе, што стаўка на адукацыю, тэхналогіі і празрыстыя інстытуты здольная ператварыць Беларусь у сучасную, канкурэнтаздольную еўрапейскую эканоміку.