Самаабвешчаны генацыд. Як рэжым праз кіно замацоўвае сваю ўладу

Кадр з фільму "Спаленыя вёскі"

Кадр з фільму "Спаленыя вёскі" / РУП "Беларусьфільм"

З сярэдзіны красавіка ў Беларусі і за яе межамі ў дзяржаўнай сетцы кінатэатраў паказваюць “Спаленыя вёскі” і “Лагеры смерці” — дылогію прапагандысцкіх фільмаў аб ваенных злачынствах Трэцяга Рэйху, здзейсненых падчас акупацыі тэрыторыі Беларусі ў часы Другой сусветнай вайны. 

Асаблівасцю праекта, знятага на студыі “Летапіс” (дакументальнае падраздзяленне “Беларусьфільма) рэжысёрам ігравога кіно Аляксандрам Анісімавым, стаў поўны кантроль з боку Генпракуратуры.

Кінааглядальнік Еўрарадыё Тарас Тарналіцкі паглядзеў фільмы і цяпер расказвае, як з дапамогай нацыянальнай траўмы рэжым вырашае свае палітычныя мэты па ўмацаванню ўлады ў краіне. І чаму гэта абясцэньвае трагедыю беларусаў. 

***

 

Мастацка-ідэалагічны імпэт, якім пасля 2020 году заўважна фантанаваў “Беларусьфільм”, роўна праз пяць год раптоўна змялеў.

Самаабвешчаны генацыд. Як рэжым праз кіно замацоўвае сваю ўладу
Кадр з фільму "Лагеры смерці" / РУП "Беларусьфільм"

Інакш не патлумачыць чаму да важнейшай для ўлады падзеі — 80-годдзя з дня Перамогі ў Другой сусветнай вайне — дзяржстудыя так і не змагла прадставіць ніякага значнага праекту. 

Была нязграбная спроба выдаць за творчую перамогу вытворчасць расійскіх ваенных драмаў “Каруза” Івана Харацьяна і “У спісах не пазначаны” Сяргея Каратаева, якія часткова здымаліся ў Беларусі. Але ўсё, што зрабіў “Беларусьфільм” там — здаў у арэнду здымачныя пляцоўкі і склад рэквізіту. Супраца, што называецца, на пяць балаў — выдаткаў нуль, адныя прыбыткі і медыйныя лаўры.

З уласнага ж кантэнту дзяржстудыя прадэманстравала толькі так званую “дылогію пра генацыд” — дзве тэматычна звязаныя дакументальна-публіцыстычныя стужкі “Спаленыя вёскі” і “Лагеры смерці”, прэм’еры якіх так і не дачакаўся памерлы ў пачатку гэтага года Аляксандр Анісімаў. 

Аставім зараз за дужкамі створаны для школьнікаў працяг анімацыйнага альманаха “Мемарыяльныя комплексы Беларусі-2”  — яго прэм’ера на агульным фоне ідэалагізаванага святкавання амаль згубілася. 

Таму для юбілейнай даты, калі звычайна здымаюцца вялікія ігравыя праекты, атрымаўся адчувальна слабы вынік. А калі пачынаеш глядзець гэтую дылогію, то адразу бачыш відавочнае — гара ў чарговы раз нарадзіла мыш. 

Самаабвешчаны генацыд. Як рэжым праз кіно замацоўвае сваю ўладу
Кадр з фільма "Лагеры смерці" / РУП "Беларусьфільм"

Справа ў тым, што гэты праект ад пачатку задумваўся не як самастойны, а хутчэй як відэапрезентацыя працы Генпракуратуры на чале з генпракурорам Андрэем Шведам

Дзяржведамства вясной 2021 года, у час яшчэ не закатанага ў асфальт грамадства пасля паслявыбарчага крызісу, раптоўна вырашыла завесці крымінальную справу пра генацыд беларускага народу. Не пра факты рэпрэсій 2020 году, а пра ваенныя злачынствы ў часы Другой сусветнай. 

Мэта ў сілавікоў была зразумелая — адшукаць “знешняга ворага” (Еўрасаюз і краіны Паўночнай Амерыкі) і прыпісаць да яго усіх незадаволеных рэжымам беларусаў, навесіўшы на іх цэтлік фашыстаў і калабарантаў. 

Каб даказаць гэта, пракуроры ператварыліся ў гісторыкаў — пачалі штудзіраваць архівы, праводзіць археалагічныя раскопкі, вынікам чаго стала выданне кнігі “Генацыд беларускага народа”. 

Выданне было аздоблена красамоўнай вокладкай, дзе выява сучасных пратэстоўцаў аб’ядноўваецца з фотаздымкам жаўнераў Трэцяга рэйху. Усё ў лепшых традыцыях ранняй фільмаграфіі праўладнага прапагандыста Юрыя Азаронка.

Самаабвешчаны генацыд. Як рэжым праз кіно замацоўвае сваю ўладу
Кадр з фільма "Лагеры смерці" / РУП "Беларусьфільм"

“Беларусьфільму” заставалася толькі адшукаць кінамову, каб распавесці, якой фактуры там накапалі генпракуроры. А выявілася, што нічога асабліва новага яны і не накапалі, акрамя ўдакладнёных фактаў пра колькасць знішчаных людзей і вёсак.

Менавіта таму абедзве стужкі зроблены, як пярэсты калаж, у якім львіную долю склала трафейная нацысцкая хроніка часоў акупацыі. А яшчэ матэрыялы савецкіх дакументалістаў, якія заснялі судовыя працэсы над калабарантамі і размовы выжыўшых ахвяр нямецкага тэрору.

Каб звязаць архіўны матэрыял з сучаснасцю, Анісімаў паздымаў сучасныя мемарыяльныя комплексы на месцы спаленых вёсак і канцэнтрацыйных лагераў (“Хатынь”, “Азарычы”, “Шталаг 342” і г.д.), а таксама запісаў каментары генпракурораў, палітычна лаяльных гісторыкаў і нешматлікія сведкаў тых часоў. 

Прысутнічаюць і эпізоды з археалагічных раскопак брацкіх магілаў забітых ваенных ахвяр, але іх на ўвесь хранаметраж літаральна дзве-тры.

Ёсць у абодвух фільмах і абавязковая ўзгадка бела-чырвона-белага сцяга, якім карысталіся людзі, што працавалі на акупацыйную адміністрацыю, а таксама эпізод з прамовай Лукашэнкі, які прызывае не забываць злачынствы нацыстаў. Аўтары не ўзгадваюць 2020 год, але ўсяляк спрабуюць на яго намякаць.

Самаабвешчаны генацыд. Як рэжым праз кіно замацоўвае сваю ўладу
Кадр з фільма "Спаленыя вёскі" / РУП "Беларусьфільм"

Вось і атрымліваецца, што Анісімаў не расказвае практычна нічога новага. У яго скудным наборы — школьны курс гісторыі Беларусі з 7 па 11 клас і шэраг прапагандысцкіх штампаў. 

То-бок тое, што беларусы і так добра ведаюць без усялякага “Беларусьфільму” і гістарычных патуг Генпракуратуры. І пра спаленыя вёскі. І пра карныя аперацыі войскаў СС. Пра канцэнтрацыйныя лагеры. І пра план “Ост”. І пра жахі нямецкай акупацыі.

Уражвае і абраны стыль, нібы перад намі сапраўднае расследаванне, не пераказ вядомых фактаў. Стваральнікі фільмаў пералічваюць іх з такім апломбам, нібы за апошнія 80 год ніхто да іх пра вайсковыя злачынствы Трэцяга рэйху і не распавядаў. 

Як бы разумеючы другаснасць сваёй працы, Анісімаў выходзіць на эксплуатацыйную сцежку — дадае ў аповед ігравыя сцэны расстрэлаў жыхароў гарадоў і спальвання ў сараях сялян. 

Усё гэта падмацоўваецца скразной лініяй размовы ўнучкі з дзедам, які распавядае малой усе гэтыя жарсці. Каб да ўсіх дакладна дайшло, што беларускія кінематаграфісты займаюцца важнай справай, а не абы чым па замове Мінкульта.

Самаабвешчаны генацыд. Як рэжым праз кіно замацоўвае сваю ўладу
Кадр з фільма "Лагеры смерці" / РУП "Беларусьфільм"

Бадай адзіная новая рэч, якой могуць пахвастаць стваральнікі стужкі — гэта ідэалагізаваная інтэрпрэтацыя злачынстваў, якія тады адбыліся. Усе героі — ад запрошаных архівістаў, гісторыкаў, пракурораў да закадравага голаса міністра культуры Руслана Чарнецкага — характарызуюць безумоўную трагедыю як генацыд беларусаў.

Праблема толькі ў тым, што Нюрнбергскі працэс 1945-1949 гадоў прызнаў генацыдам палітыку знішчэння габрэяў, а смерці іншых жыхароў СССР толькі як злачынствы вайсковыя і супраць чалавечнасці. 

Гэта сапраўды спрэчны момант, калі абапірацца на сутнасць плану “Ост”, які прадугледжваў масавыя перасяленні, забойствы і каланізацыю мясцовага насельніцтва, але разбірацца ў ім павінны зараз гісторыкі, а дакладна не Генпракуратура.

Тады б жаданне рэжыму назваць акупацыйную палітыку немцаў генацыдам магло вызваць як мінімум паразуменне. Вось толькі настойлівасць дамагчыся гэтага праз дзяржаўныя інструменты абумоўлена не імкненнем да гістарычнай праўды.

Самаабвешчаны генацыд. Як рэжым праз кіно замацоўвае сваю ўладу
Кадр з фільма "Спаленыя вёскі" / РУП "Беларусьфільм"

Улада нахабна карыстаецца нацыянальнай траўмай, каб апраўдаць масавыя рэпрэсіі супраць беларусаў і абазваць усіх, хто не пагаджаецца з іх метадамі ўтрымання кантролю над Беларуссю, фашыстамі.

Іранічна тут і тое, што лукашызм сучаснага ўзору няшмат у чым адрозніваецца ад класічнага італьянскага фашызму эпохі Беніта Мусаліні. Толькі ў нашым выпадку перавага прызнаецца не беларусаў, а расіян. Але пра гэта “Беларусьфільм” кіно калі і здыме, то дакладна не пры сённяшняй уладзе.

Адзнака Еўрарадыё: 3 з 10

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.