Рыжычэнка: рынак працы не ўратуюць ані пакістанцы, ані “дармаеды”

Працаўнікоў не хапае ва ўсіх сферах

Працаўнікоў не хапае ва ўсіх сферах

Улады Беларусі актывізавалі “паляванне на дармаедаў” — спрабуюць пераканаць беларусаў ісці на працу. Адначасова працягваюцца размовы пра прыцягненне ў краіну працоўных мігрантаў. Усё гэта, паводле задумы чыноўнікаў, мусіць вырашыць праблему дэфіцыту кадраў. Але эканамістка Аліса Рыжычэнка ў эфіры Еўрарадыё з гэтым не згодная.

“[Існуе] дэфіцыт якраз тых кадраў, якіх не заменіш ні пакістанцамі, ні “дармаедамі”. На гэтыя месцы патрэбныя высокакваліфікаваныя людзі, спецыялісты, якія з’ехалі з краіны або маюць “дрэнную характарыстыку” і не маюць права ўладкоўвацца ў дзяржаўныя арганізацыі”, — кажа Аліса Рыжычэнка.

Паводле эканамісткі, гэта тычыцца і медыцыны, і ІТ-сферы, і такіх галінаў, як будаўніцтва, якія таксама страцілі спецыялістаў. Высокакваліфікаваных работнікаў не прывезці ні з Пакістана — з-за вялікай колькасці абмежаванняў, ні знайсці сярод “дармаедаў”, адзначае Рыжычэнка.

“Гэтыя меры, якія яны [улады] прымаюць — гэта проста флёр у інфармацыйнай прасторы, каб пераканаць, што “мы неяк працуем з гэтай праблемай”, — дадае суразмоўца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.