Рэцэнзія на фільм “Калі кветкі не маўчаць”. Скрозь страх да смеласці

Калаж з постэра фільма "Калі кветкі не маўчаць" / @rubanau_collage
“Далучайся!” “Жыве Беларусь!” На вялікім абшары плошчы Незалежнасці ў Мінску голасна і ўжо няма вольнага месца. Яго цалкам апанавалі натхнёныя гараджане, якія прыйшлі на нядзельны марш. Людзей сабралося так багата, што асобныя з іх з’яўляюцца нават на дахах дамоў. На вуліцы жнівень 2020 года, супрацьстаянне грамадства і ўлады даходзіць да свайго піку.
Мантажная склейка — і вось ужо маладая жанчына, маці дваіх дзяцей, распавядае на камеру праваабаронцаў пра жахі, якія яе і мужа напаткалі ў ізалятары на Акрэсціна ў першыя дні пасля выбараў. Мужчын збівалі, а з жанчын здзекваліся, пазбаўляючы іх права на прыбіральню, ваду і медычнае абслугоўванне.
На такіх эмацыйных арэлях часовай узнёсласці і непазбежнай роспачы пабудавана драматургія “Калі кветкі не маўчаць” — аднаго з найбольшх заўважных дакументальных фільмаў, прысвечаных падзеям лета 2020 года.

Кінааглядальнік Еўрарадыё Тарас Тарналіцкі распавядае пра гэты фільм у працягу цыкла рэцэнзій “Нябачнае кіно 2020-х”. Больш тэкстаў можна адшукаць па гэтай спасылцы.
Аўтар стужкі “Калі кветкі не маўчаць” — былы журналіст “Белсата” і дакументаліст Андрэй Куціла — перад стварэннем паспеў ужо выказацца па гэтай тэме. У яго выйшла два кароткаметражных фільма: “Муры” (пра чаканне сваякамі затрыманых пад сценамі ізалятара Акрэсціна) і альманах “Беларусь: асабістыя гісторыі з краіны ў роспачы” для выдання The Guardian. Але адчувальна, што “Кветкі” для рэжысёра маюць куды больш асабістае значэнне.
Справа не толькі ў тым, што фільм прысвечаны сястры Куцілы, чыя сям’я пацярпела ад сілавога гвалту. У “Кветках” рэжысёр звяртаецца да жаночага вымярэння пратэсту, якое дало яму мірны змест і небывалы ахоп удзельнікаў. Менавіта яно змяніла тактыку паводзін грамадства пасля першых некалькі дзён тэрору пасля выбараў.
Да гэтай тэмы беларускія і замежныя кінематаграфісты звярталіся даволі часта. Можна ўзгадаць больш эксперыментальна-казачную па форме “Мару” Сашы Кулак і больш рэпартажныя “Радзіма — яна мая” Ксеніі Галубовіч і “Хто, калі не мы?” Юльянэ Тутэйн. Фільм “Кветкі” рухаецца ў тым жа фарватары, аналізуючы жаночы бок гісторыі. Толькі Куціла змяшчае фокус увагі з падрыхтаваных актывістак на простых жанчын, зусім не ангажаваных у грамадска-палітычнае жыццё краіны.
Надломленыя гвалтам літаральна за адзін дзень, гісторыі іх сем’яў становяцца рухавіком фільма. Першая з гераінь, якая распавядае пра жахі ўтрымання за кратамі, патрапіла пад агонь зброі сілавікоў. Яе сямейны аўтамабіль з разбітым акном і прадзіраўленым (адразу ў некалькі месцах) гумовымі кулямі кузавам мы бачым у адной са сцэнаў. Жанчына перажыла моцны стрэс, пасля якога не можа перамагчы страх — і выйсці сумесна з усімі на нядзельны марш.
Беларускамоўнай сям’і другой гераіні пашанцавала меней — яе мужу пасекла нагу аскепкамі светлашумавой гранаты. Мужчына часова страціў магчымасць хадзіць і на яго ў даважак пачалі паляванне міліцыянты, жадаючы пасадзіць у турму. Маці трох непаўнагадовых дзяцей вымушана дапамагаць свайму мужу спачатку хавацца на іншай кватэры, а потым увогуле з’ехаць у Польшчу, калі стане зразумела, што іншага выйсця з сітуацыі не існуе.
Палітычная катастрофа краіны становіцца часткай паўсядзённасці беларусак. Бачна, што яны і раней не мелі ілюзій адносна негалосных правілаў жыцця ў краінеі. Цяпер жа ўся глыбіня дэградацыі аўтарытарнай сістэмы для іх проста выйшла вонкі.
“У мяне 10 жніўня пачалося з фразы Андрэя “Дзіма падарваўся на гранаце”. Я гляджу на яго вялікімі вачыма — гэта тэлесерыял? Ці фільм? 10 жніўня 2020 года людзі не падрываюцца на гранатах у цэнтры горада. Гэта не 1945 год”, — кажа невядомая дзяўчына, якая з кветкамі стаіць уздоўж праспекту. “Ну дзе тая праўда? Дзе тая праўда? Не разумею”, — роспачна разважае услых жанчына, якая чакае свайго затрыманага 47-гадовага сына.

З гэтых абрывачных фразаў, выпаленых у сэрцах словаў паступова і складаецца карціна Беларусі, якая апынулася ў сітуацыі непрацуючага заканадаўства і свавольства сілавікоў, цесна павязаных з уладай. Тут у якасці аргументаў можна было б дадаць сцэны збіцця, крыкі ахвяраў катавання. Вось толькі рэжысёр наўмысна пазбягае спекуляцыі на гвалце, хай бы ён і выглядаў цалкам апраўданым у гэтым кантэксце.
Такі ход дазволіў размаўляць у іншым рэгістры, пра нябачныя воку рэчы. Не пра абясцэньванне дзяржаўных інстытутаў. Не пра гістэрычнасць аўтарытарнага рэжыму, які акрамя татальнага прыгнёту не можа больш нічога прапанаваць свайму народу.
“Кветкі” прысвечаныя спеючай унутры чалавека смеласці, якая, нягледзячы на знешні ціск і ўласны страх, прабіваецца звонку. Гераіня, якая доўга не магла знайсці ў сабе сілы, каб выйсці на вуліцу і паўдзельнічаць у нядзельным маршы, нарэшце робіць гэта. Гэта маральная перамога над навязаным уладай страхам і становіцца стрыжнем фільма. Рэжысёр гэта дадаткова падкрэслівае, змяняючы дагэтуль чорна-белую цветакарэкцыю фільма ў паўнавартасна шматкаляровую.

Пры гэтым “Кветкі” шмат каму могуць падацца ў чымсьці наіўным фільмам, састарэлым у сваім месэджы. Бо сапраўды, пратэсты 20-га года пацярпелі паразу, а мірны пратэст фактычна абрынуў краіну ў няспынныя рэпрэсіі, якім не бачна ні канца ні краю. Гэта справядлівая адзнака, калі ўспрымаць фільм літаральна.
На сімвалічным узроўні фільм выглядае як раз універсальным, па-за-часовым выказваннем пра сілу чалавечага духу перад выклікам бязлітаснай дзяржаўнай машыны. Знятых у ім жанчын паблажліва “кветкамі” больш не назавеш. Настолькі мужныя характары заслугоўваюць куды больш трапнай метафары.
Адзнака Еўрарадыё: 7 з 10
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.