Рэцэнзія на фільм “Мы не ведалі адно аднога да гэтага лета”. Сутнасць змагання

Калаж з афішы фільма "Мы не ведалі адно аднога да гэтага лета"

Калаж з афішы фільма "Мы не ведалі адно аднога да гэтага лета" / @rubanau_collage

Вынаходніцтва кінематографа ператварыла сучаснае грамадства ў поле бясконцай бітвы за розумы людзей. Больш ні адна значная падзея — ці то вайна, рэвалюцыя ці тэхнагенная катастрофа — не абыходзіцца без абавязковага адлюстравання ў візуальным мастацтве.  

Пытанне толькі ў тым, якім атрымаецца кіно, што ў падсвядомасці людзей стане ўчэпіста асацыявацца з той ці іншай падзеяй. Будзе яно ідэалагізаваным напышлівым міфам у духу “Кастрычніка” Сяргея Эзенштэйна, прысвечанага Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года? Ці апынецца пазбаўленай павучальнасці, глыбокай і бязжарстнай фіксацыяй, як “Майдан” Сяргея Лазніцы, які распавядае пра развіццё гісторыі на Еўрамайдане ў 2013-2014 гадах? Вынік заўсёды залежыць ад збегу абставінаў і, натуральна, таленавітасці стваральнікаў.

Што тычыцца палітычнага крызіса 2020 года, то ўсё яшчэ не склаўся грамадскі кансенсус, якое кіно ў стане прадстаўляць той надзвычай неспакойны і натхняльны час. 

Можа, гэта будзе гістарычная драма “Купала” Уладзіміра Янкоўскага. Пасля наўмыснага “зліву” чарнавой копіі яе масава глядзелі ў сеціве ці на дваровых сустрэчах з суседзямі. А можа “Смеласць” Аляксея Палуяна — дакументальная стужка, паказы якой ладзілі бадай што на ўсіх культурніцкіх сустрэчах і афіцыяльных падзеях з удзелам беларусаў замежжа. Прэтэндэнтаў, як бачна, хапае.

Рэцэнзія на фільм “Мы не ведалі адно аднога да гэтага лета”. Сутнасць змагання
Кадры з фільма "Мы не ведалі адно аднога да гэтага лета" / Current Time / @rubanau_collage

Мантажны праект Вольгі Абрамчык “Мы не ведалі адно аднога да гэтага лета” наўрад ці атрымае такую вядомасць і папулярнасць, як “Купала” і “Смеласць”. Але менавіта ён хавае ў сабе адказ на пытанне, чаму ўвогуле стаў магчымы настолькі моцны выбух у грамадстве супраць дзеючай улады.

Кінааглядальнік Еўрарадыё Тарас Тарналіцкі распавядае пра гэты фільм у працягу цыкла рэцэнзій “Нябачнае кіно 2020-х”. Больш тэкстаў можна адшукаць па гэтай спасылцы. 

Фільм створаны з мабільных відэаролікаў, зробленых беларусамі ў дзень выбараў і цягам тыдня пасля (з 9 па 16 жніўня). Аўтары склалі падрабязную мазаіку таго моманту, калі жаданне людзей сумленных выбараў было жорстка падманута. А потым яшчэ і ўтоплена ў сілавым гвалце, з выкарыстаннем тысяч сілавікоў у спецабмундзіраванні, светлашумавых гранат, нелятальнай зброі і вадамётаў. 

Мінакі ў кадры разважаюць пра развязаную вайну, і іх высновы не далёкія ад ісціны. Толькі гэтая вайна не грамадзянская, як можна падумаць, а вайна архаічнага аўтарытарнага рэжыма супраць уласнага народа.

Той неўтаймаваны і цалкам легалізаваны гвалт, які спараджаюць сілавікі на вуліцах, у скверах, школах, гандлёвых цэнтрах становіцца імпульсам для перараджэння пратэсту ў яго падкрэслена негвалтоўную форму. Яго пачынальнікамі сталі жанчыны, якія выйшлі на вуліцы Мінска ў белых строях з кветкамі ў руках, і гэта вылілася ў першы нядзельны марш ля сталічнай Стэлы, куды 16 жніўня прыйшло ад 300 да 500 тысяч чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.