Рэцэнзія на фільм “Радзіма”. Ключ ад улады

Калаж з кадру фільма "Радзіма" (Motherland) / @rubanau_collage
Два гады таму дакументалісты Аляксандр Міхалковіч і Ганна Бадзяка знялі “Радзіму” — адну з самых рэзанансных стужак пра Беларусь апошняга часу.
Фільм атрымаў шэраг узнагрод на еўрапейскіх кінафестывалях (CPH:DOX, goEast, Кракаўскі кінафестываль і г.д.), а таксама трапіў у шорт-ліст Прэміі Еўрапейскай кінаакадэміі — так званы “еўраоскар”.
Кінааглядальнік Еўрарадыё Тарас Тарналіцкі піша, у чым каштоўнасць фільма, які дэманструе глыбокае разуменне беларускай улады, што ўтрымлівае краіну дзякуючы вайсковай дзедаўшчыне, гвалту і страху.
Гэта працяг цыкла рэцэнзій “Нябачнае кіно 2020-х”. Больш тэкстаў будзе па гэтай спасылцы.
***
Кіно было і застаецца ўсебакова залежным мастацтвам. У першаю чаргу — ад рэсурсаў яго стваральнікаў, рыначнай кан’юнктуры, палітычнай волі. Непазбежная падпарадкаванасць адразу адчуваецца і ў беларускім кіно, якое ўлады ператварылі ў інструмент па прасоўванні ўласнай ідэалогіі, клапатліва адабранага набору “традыцыйных” каштоўнасцяў.
Свабода выказвання засталася, бадай, што толькі ў незалежнай дакументалістыцы — адзіным напрамаку айчыннага кінамастацтва, дзе аўтары яшчэ здольныя размаўляць з гледачом на складаныя тэмы. І тлумачыць, як функцыянуе дзяржава і наша палярызаванае постсавецкае грамадства.
Такіх аўтараў няшмат, але яны ёсць. Маладосць і эвалюцыю беларускага рэжыму ў іранічным ключы заспеў Юры Хашчавацкі ў тэлефільмах “Звычайны прэзідэнт”, “Плошча”, “Звычайныя выбары”. Рэчаіснасць траваеднага аўтарытарызму канца 2010-х гадоў, як раз перад зломам 2020 года, адлюстраваныя ў "Чыстым мастацтве" Максіма Шведа і "Стрыптызе і вайне" Андрэя Куцілы.
Цяпер гэты спіс папоўніўся фільмам “Радзіма”. Сумесная праца рэжысёрскага дуэту Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзяка працягвае традыцыю аналізу беларускага аўтарытарызму, зазіраючы за гарызонт драматычных падзей першай паловы 2020-х, з іх бушуючымі пратэстамі, масавымі рэпрэсіямі і мясарубкай вайны ва Украіне.

Выкананая ў стылістыцы дакументальнага эсэ, дзе нетаропкае назіранне за жыццём герояў суседнічае з закадравымі маналогамі, “Радзіма” выглядае спачатку зманліва простай стужкай. Крытычнае разважанне пра інстытут армейскай службы, выбудаванае праз роспачную і беспаспяховую барацьбу за справядлівасць Святланы Коржыч — маці салдата тэрміновай службы, даведзенага, па афіцыйнай версіі, да самазабойства ў траўні 2017 года (матэрыялы Еўрарадыё па гэтай тэме чытайце тут). І, паралельна, кампанію сталічных юнакоў, адзін з якіх вось-вось адправіцца служыць у войска.
У гэтай частцы аўтары перабіраюць усе ўкаранёныя грамадскія стэрэатыпы пра тое, што войска з’яўляецца сапраўдным месцам мужчынскай ініцыяцыі. Дзе хлопчыка нібы ператвараюць у мужчыну, а кантроль і распарадак дня здатныя ўправіць мазгі моладзі. Ёсць тут і дзедаўшчына, факт існавання якой ігнаруюць усе — і ўлады, і людзі, акрамя бацькоў саміх загінулых ад яе салдатаў-тэрміноўшчыкаў.
Але ж асноўная ідэя фільма становіцца зразумелай, калі на экране пачынаюцца падзеі 2020 года. Масавыя пратэсты становяцца тым спускавым кручком, які прыводзіць у рух рэпрэсіўную сістэму Лукашэнкі, што прасякнута і пабудавана на той самай дзедаўшчыне — жахлівым спалучэнні гвалту, прыніжэння, страху і гіперкантролю. З яе і нараджаецца той самы інстытут кантролю, дзякуючы якому рэжым і захоўвае ўладу над краінай ужо больш за тры дзесяцігоддзі.

Гвалт тут падобны на гнойны нарыў, якая выспявае за плотам ваенных часцей, а потым выліваецца ў грамадскую прастору краіны і запаўняе сабой цалкам увесь рэгіён у выглядзе вайны.
Аўтары ўедліва прэпарыруюць усю прастату, эфектыўнасць, і, што менш важна, універсальнасць аўтарытарнай сістэмы, якую пабудаваў не толькі Аляксандр Лукашэнка, але і Уладзімір Пуцін. Што яскрава дэманструе эпілог стужкі, калі пачынаецца масавае ўторгненне расіян ва Украіну. Для такіх сістэм людзі — усяго толькі лёд пад нагамі сілавікоў, які лёгкка ламаецца дзеля нібыта ратавання радзімы. І новых зорачак на пагонах.
Каштоўным элементам аповеду з’яўляецца закадравы маналог невядомага жаўнера, які праходзіць трансфармацыю ад пакутаў абсурднасці службы да атрымання асалоды праз кіраванне падначаленымі прызыўнікамі. Гэта — лісты Аляксандра Міхалковіча, напісаныя ім маці падчас тэрміновай службы. Іх прысутнасць дадае стужцы дадатковае антрапалагічнае вымярэнне, якое чарговы раз нагадвае, што гуманізм — гэта фантом, хутка знікаючы пад уплывам страху і гвалту.
Праз гэта “Радзіма” выглядае майстарскі зробленай працай — з фенаменальнай гукарэжысурай, вострай, як скальпель, драматургіяй, а таксама шматузроўневым, паліфанічным і складаным разважаннем пра цёмныя бакі чалавечай натуры. І феномен аўтарытарных рэжымаў, якія бяруць веды пра чалавечую псіхалогію сабе на ўзбраенне, каб захаваць і павялічыць самае цэннае, што маюць — уладу. Над жыццём, грамадствам, краінай. А калі дазволяць амбіцыі — то і цэлым светам.
Страшна ў гэтым антрапалагічным назіранні тое, што спыніць гэты разбуральны працэс можа толькі яшчэ большы гвалт у адказ. У "Радзіме" выйсце не прагаворваецца, але інфапавестка ўпарта шэпча на вуха толькі гэты адзіны, зусім не суцяшальны сцэнар.
Адзнака Еўрарадыё — 9 з 10
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.