Рэальную статыстыку смерці ад СOVID-19 у Беларусі апублікаваў BelPol

Каранавірус, ілюстрацыйнае фота
Рэжым Лукашэнкі ў разы занізіў рэальную статыстку смяротнасці ад эпідэміі СOVID-19 у Беларусі. Гэта вынікае са звестак, якія атрымала арганізацыя былых сілавікоў BelPol.
Арганізацыя атрымала статыстыку па фактычнай нараджальнасці і смяротнасці ў Гродзенскай вобласці з 1991 па 2024 гады. Сярэдні ўзровень смяротнасці ў рэгіёне ў 2015-2019 гадах (г.зн. за 5 гадоў да эпідэміі каранавіруса) складаў прыкладна 13,9‰.
Але гэты паказчык істотна змяніўся ад пачатку пандэміі каранавіруса. Пік захворвання ў Беларусі фіксаваўся з красавіка 2020-га па ліпень 2022 года. Узровень смяротнасці ў гэты перыяд склаў:
у 2020 годзе — 17,2‰ (рост на 23,7%, 3385 "залішніх" смерцяў);
у 2021 годзе — 19,4‰ (рост на 39,6%, 5599 "залішніх" смерцяў);
у 2022 годзе — 14,8‰ (рост на 6,5%, 906 "залішніх" смерцяў).
Потым, у 2023 і 2024 гадах паказчыкі смяротнасці ў Гродзенскай вобласці нават панізіліся ў параўнанні з перыядам да пандэміі — да 13,3‰. Гэта хутчэй за ўсё тлумачыцца павышанай гібеллю людзей сталага ўзросту і з аслабленым здароўем на працягу "пандэмійных" трох гадоў.
З пададзенай статыстыкі вынікае, што "залішняя" смяротнасць толькі ў Гродзенскай вобласці падчас пандэміі СOVID-19 склала 9890 чалавек (3385+5599+906). Між тым, Мінздароўя афіцыйна казала пра 7118 чалавек, памерлых ад наступстваў каранавіруса па ўсёй Беларусі.
Акрамя каранавіруса іншых прычынаў рэзкага росту смяротнасці ў 2020-2022 гадах не было.
Дарэчы, сітуацыя з каранавірусам у Гродзеншчыне была больш спрыяльнай, чым у шэрагу іншых рэгіёнаў Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.