Забойца беларускі Лізы падаў апеляцыю на прысуд
Дарыян С. у судзе / PAP
28 кастрычніка суд у Варшаве пачаў разгляд апеляцыі Дарыяна С., асуджэанага за забойства беларускі Лізы Герцэн.
Канчатковы прысуд вынесуць 4 лістапада. На сённяшнім пасяджэнні юнак не прысутнічаў, піша "Белсат".
У студзені Дарыяна асудзілі на пажыццёвае зняволенне, прызнаўшы вінаватым у згвалтаванні і забойстве. Аднак яго абарона падала апеляцыю. Адвакаты спрабуюць давесці, што абвінавачваны быў недастаткова старанна даследаваны на прадмет усведамлення здзейсненага, а працэс нібыта прайшоў занадта хутка — прысуд быў вынесены менш чым праз год пасля забойства.
Дарэчы, суд у студзені 2025-га прыйшоў да высновы, што нападнік дзейнічаў спакойна і разважліва: учыніўшы злачынства, ён пайшоў упэўнена, забраўшы толькі каштоўныя рэчы Лізы. Дарыян С. на судзе прызнаў сябе вінаватым, але заявіў, што не хацеў забіваць Лізу.
Напад на беларуску Лізу адбыўся ў цэнтры Варшавы ў ноч на 25 лютага 2024 года. Дзяўчыну ў крытычным стане знайшлі зранку наступнага дня. Шэсць дзён дактары змагаліся за яе жыццё, але не змаглі выратаваць.