Паўночная Карэя адпраўляла ў Паўднёвую тысячы шароў. Часам — з гноем і смеццем

Недакурак з мяшка са смеццем, які Паўночная Карэя скінула на Паўднёвую

Недакурак з мяшка са смеццем, які Паўночная Карэя скінула на Паўднёвую / Reuters

У канцы вясны 2024 года КНДР атакавала сваіх суседзяў з поўдня паветранымі шарыкамі. Рэжым Паўночнай Карэі ўсяго за некалькі дзён запусціў па Паўднёвай Карэі 3,5 тысячы паветраных шароў. Часам шары ляцелі са смеццем, а часам іх нагружалі гноем, пісала агенцтва Reuters.

Мы не праводзім прамых паралеляў гэтага нетрывіяльнага інцыдэнту з налётам метэазондаў з кантрабанднымі беларускімі цыгарэтамі на Літву. Тым больш і ў самой Літве пакуль дакладна не ведаюць, як трактаваць белыя шары ў сваёй паветранай прасторы. Генпракурор краіны Ніда Грунскенэ праводзіць дасудовае расследаванне і кажа, што пакуль няма пацверджання версіі аб тым, што ідзе гібрыдная атака супраць Літвы. А Аляксандр Лукашэнка нават гатовы папрасіць прабачэння, калі віна Беларусі ў налёце шароў на суседзяў будзе даказаная.

Але так як пэўнае падабенства ў гэтых двух сюжэтах ўсё ж ёсць, мы вырашылі ўспомніць, як Сеул спраўляўся з тысячамі шарыкаў, якія ляцяць з Паўночнай Карэі.

КНДР запускала паветраныя шары са смеццем у бок суседзяў усё лета. У Паўднёвай Карэі налічылі 11 хваль. Калі да жніўня Пхеньян супакоіўся, у бок суседзяў былі адпраўленыя тысячы шарыкаў. Яны парушылі працу сеульскага аэрапорта Инчхон.
З-за паветраных шароў працы на ўзлётна-пасадачнай паласе прыпыняліся 12 разоў у агульнай складанасці на 265 хвілін.

А яшчэ шары сталі прычынай пажару на даху жылога дома і нават прызямліліся на тэрыторыі прэзідэнцкага палацавага комплексу.

Большая частка шароў прызямлілася ў Сеуле. Практычна заўсёды да шара было прымацавана смецце або нават гной. Батарэйкі, недакуркі, нават туалетная папера — усё скідалася на суседзяў.

Сястра паўночнакарэйскага лідара Кім Чэн Ына і ўплывовая чыноўніца КНДР Кім Е Чжон назвала паветраныя шары "падарункамі" для паўднёвакарэйцаў.

Пхеньян, дарэчы, не першым пачаў. У КНДР сказалі, што гэта адказ на прапагандысцкую кампанію паўднёвакарэйцаў. Актывісты адтуль запускалі ў бок Паўночнай Карэі надзіманыя фігуры, нагружаныя антыпхеньянскімі ўлёткамі. Праўда, да ўлётак яны дадавалі прадукты, лекі, грошы і флэшкі з серыяламі ў папулярным стылі K-pop.

А ў адказ ім дасылалі смецце, недакуркі і парэзанае адзенне.

Вы не паверыце, чым адказалі вайскоўцы Паўднёвай Карэі. Яны пачалі ўключаць сусветныя навіны і паўднёвакарэйскую музыку і трансляваць гэта праз гучнагаварыцелі, устаноўленыя на мяжы.

"Самая вялікая пагроза для Паўночнай Карэі заключаецца ў тым, што багаты і магутны поўдзень знаходзіцца прама па суседстве, і навіны аб гэтым суседзе і свабодным свеце распаўсюджваюцца, а гэта можа прывесці да пераменаў у грамадстве знутры", — заявіў міністр абароны Паўднёвай Карэі Сін Вунь Сік.

Такі вось неваенны адказ ад вайскоўцаў. Еўрарадыё ўхваляе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.