Польшча рыхтуецца адкрыць два памежныя пераходы з Беларуссю ў лістападзе

Польска-беларуская мяжа, ілюстрацыйнае фота

Польска-беларуская мяжа, ілюстрацыйнае фота / x.com/Straz_Graniczna

Польшча рыхтуецца ў лістападзе адкрыць да памежныя пераходы з Беларуссю. Пра гэта заявіў кіраўнік польскага ўрада Дональд Туск.

Гаворка ідзе пра пункты пропуску "Баброўнікі" (з беларускага боку "Бераставіца") і "Кузніца" (з беларускага боку "Брузгі").

Туск назваў гэтае рашэнне пробным і дадаў, што ў Кузніцы будзе абмежаванне для цяжкіх аўтамабіляў.

"Што датычыць Баброўнікаў, дык праблем з лагістыкай няма. Што датычыць Кузніцы, там яшчэ да канца года не будзе гатовая да канца паверхня на S19, таму да канца года будзе абмежаванне для аўтамабіляў да 3,5 тон, не цяжэй", — падкрэсліў польскі прэм'ер.

Туск дадаў, што рашэнне пра адкрыццё пераходаў на мяжы з Беларуссю будзе ўзгадняцца з літоўскім бокам.

"Я прасіў розныя ведамствы падрыхтаваць гэтае рашэнне так, каб яно стала магчымым ужо на гэтым тыдні. Але ў нас праблема на літоўска-беларускай мяжы. Праз неаднаразовыя правакацыі з боку Беларусі і Расіі літоўцы некалькі дзясяткаў гадзін таму закрылі свой адзіны памежны пераход з Беларуссю. Таму мяне чакаюць інтэнсіўныя перамовы з літоўцамі, каб іх не здзівіць. Мы павінны весці паслядоўную палітыку, калі гаворка ідзе пра нашых суседзяў",прыводзіць яго словы onet.pl.

Варта нагадаць, што пераход у Баброўніках быў закрыты ў 2023 годзе ў адказ на прысуд журналісту Анджэю Пачобуту

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.