На фестывалі ў Эстоніі пакажуць дакументальную стужку пра Святлану Ціханоўскую

Кадр з фільму "Не створаныя для палітыкі"

Кадр з фільму "Не створаныя для палітыкі" / Allfilm, Yuzu Productions, Sorrento Productions

На 29-ым эстонскім кінафестывалі “Цёмныя ночы” (Black Nights) пакажуць стужку Not made for politics ("Не створаныя для палітыкі"). Ён прысвечаны жанчынам у беларускай палітыцы, сярод якіх ёсць Святлана Ціханоўская.

Стваральніца фільма — беларуская кінематаграфістка і арт-менеджэрка Воля Чайкоўская, арганізатарка фестывалю "Паўночнае ззянне" і сузаснавальніца Беларускай незалежнай кінаакадэміі (BIFA). Для аўтаркі “Не створаныя для палітыкі” — поўнаметражны дэбют.

Стужку пакажуць у секцыі Doc@PÖFF Baltic Competition (Балтыйскі конкурс). Пазначана, што фільм быў створаны ў капрадукцыі трох краін: Эстоніі, Францыі, ЗША (медыякампаніі HBO і Arte GEIE)

На фестывалі ў Эстоніі пакажуць дакументальную стужку пра Святлану Ціханоўскую
Кадр з фільма "Не створаныя для палітыкі" / Allfilm, Yuzu Productions, Sorrento Productions

Як сказана ў апісанні, у цэнтры праекта — тры жанчыны: Святлана, Надзея і Маша, чые мужы сталі палітычнымі зняволенымі, а самі яны сталі ключавымі фігурамі руху. 

“Іх бясстрашнае супрацьстаянне дыктатуры адлюстроўвае ўласную барацьбу Волі з уласным страхам перад маўчаннем, рэпрэсіямі і выгнаннем”.

Фільм здымаўся на працягу пяці гадоў.

"Гэты інтымны фільм спалучае калектыўную гісторыю з асабістым прачынаннем, паказваючы як устойлівасць беларускіх жанчын, так і трансфармацыю самой рэжысёркі ў голас, які адмаўляецца заставацца ў баку", — напісана ў апісанні фільма.

29-фестываль "Цёмныя ночы" пройдзе ў сталіцы Эстоніі Таліне з 7 па 23 лістапада.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.