Стала вядома, хто фінансуе будаўніцтва палаца для Лукашэнкі пад Сочы

Інтэр'ер комплекса "Красная Паляна" пад Сочы

Інтэр'ер комплекса "Красная Паляна" пад Сочы / BelPol

Пад Сочы будуюць VIP-крэпасць — першую замежную рэзідэнцыю Аляксандра Лукашэнкі. У яе прынамсі шэсць фірмаў уклалі мінімум 19,5 млн долараў, піша Беларускі расследвальніцкі цэнтр (БРЦ).

БРЦ атрымаў фота- і відэакадры маштабнай будоўлі ў "Краснай Паляне" — самым дарагім гарналыжным курорце Расіі. Пляцоўка займае 10 га і мяжуе з прыродаахоўнай зонай. Тут будуюць чатыры катэджы, адзін з іх — на ўзгорку.

На сайце сочынскіх інвестыцыйных праектаў гаворыцца, што гэта будзе гатэльны комплекс на 31 VIP-нумар. Ён будзе складацца з галоўнага будынка, трох VIP-катэджаў, гатэля з рэстаранам, садовага дома з зонай барбекю, гаража на пяць мікрааўтобусаў і пяць легкавых аўтамабіляў з пакоем адпачынку для кіроўцаў іды іншых будынкаў, неабходных для камфортнага жыцця і адпачынку. Адказная за будаўніцтва — кампанія "Комплекс-Інвест".

У галоўным будынку (плошчай каля 3000 кв. м) на цокальным паверсе будзе вялікі басейн, турэцкая і руская лазні, масажная, фітнес-зала, зона адпачынку з барам, памяшканне для лыж і яшчэ каля 20 пакояў рознага прызначэння, у тым ліку для аховы.

На першым паверсе — банкетная зала, кінатэатр, камінны пакой з раялем, вялікі працоўны кабінет і яшчэ адно памяшканне для аховы. На другім паверсе — дзве гасцявыя спальні па 40 кв. м кожная і адна галоўная, якая разам з гасцінай займае 110 кв. м.

Тры вілы побач будуць меншага памеру (па 700 кв. м), але ў кожнай таксама будуць басейн, лазня, сталовая і па чатыры спальні.

Пры гэтым у комплексе прадугледжаныя супрацьпадкопны і супрацьтаранны сталёвы плот вышынёй не менш за 2,5 м з вострымі наканечнікамі, шэсць пастоў аховы па перыметры ўчастка, асобны будынак для аховы з шасцю ложкамі і пакоем для зброі, сістэма выяўлення і падаўлення беспілотнікаў, метала- і рэнтген-дэтэктары, цеплавізары, камеры і сігналізацыя, сістэма радыёметрычнага кантролю і выяўлення радыеактыўных матэрыялаў.

Будаўніцтва пачалося ў 2023‑м. А за два гады да гэтага Лукашэнка сакрэтным распараджэннем загадаў прадаць участак за 13 млн долараў з уласнасці Беларусі — расійскай прыватнай фірме "Комплекс-Інвест". А на пачатку 2022-га знізіў кошт у два разы — да 6,4 млн долараў. Гэта ў 20 разоў ніжэй за рынкавы кошт.

Афіцыйнай уладальніцай кампаніі "Комплекс‑Інвест" на момант продажу была пенсіянерка Алена Борцева. Гэта родная сястра жонкі бізнэсоўца Уладзіміра Япрынцава, блізкага да клана Лукашэнкі.

Пытаннем, адкуль фірма "Комплекс‑Інвест" брала грошы, хаця не займалася камерцыйнай дзейнасцю, зацікавілася нават Федэральная падатковая служба РФ. Гендырэктар кампаніі Аляксей Пруднікаў у ліпені 2023-га на допыце сказаў, што фірма бярэ пазыкі.

Напрыклад, за 17 дзён да куплі ўчастка "Комплекс‑Інвест" атрымаў пазыку ад беларускага ТАА "Рэгіянальны парадак". Яе сума цалкам супадае з сумай, за якую прадалі зямлю пад Сочы, — больш за 6 млн долараў. На той час кампаніяй кіраваў Вячаслаў Васільеў — супрацоўнік прыватнай ахоўнай кампаніі "Гардсервіс". І "Гардсервіс", і "Рэгіянальны парадак" звязаныя з экс-кіраўніком спраў Лукашэнкі Віктарам Шэйманам.

У лютым 2024-га "Комплекс‑Інвест" перапісалі на былога супрацоўніка Службы бяспекі Лукашэнкі Аляксандра Раманоўскага. У тым жа годзе ён выдаў сваёй новай кампаніі пяць пазык на агульную суму ў амаль 4 млн долараў.

Таксама ў спіс спонсараў будаўніцтва трапіла расійскае ТАА "М.Р.І.С. груп", якая дала паўмільёна долараў. Яе заснавальнік — Віктар Жураўкоў, сын былой кіраўніцы справамі Лукашэнкі Галіны Жураўковай. У 2022-м ён быў намеснікам дырэктара ў "Комплекс‑Інвест" і апошнія гады ён працаваў у структурах, звязаных з Япрынцавым.

Яшчэ паўтара мільёна долараў "Комплекс-Інвесту" ў 2024 годзе пазычыла кіпрская кампанія Rostumel Holding Limited. За ёй стаіць Андрэй Свірыдаў — былы намеснік Шэймана ў Кіраўніцтве справамі Лукашэнкі.

Ёсць у спісе крэдытораў будаўніцтва кітайская Winshun Trade Limited. Сярод яе ўладальнікаў значыўся Сяргей Грабенкін — пляменнік Сяргея Аношкі, звязаны са "шкляным каралём" Беларусі Аляксандрам Мураўёвым. Winshun Trade Limited мела дзелавыя адносіны з ЗАТ "Вектар Капітал Груп" пад кіраўніцтвам згаданага вышэй Андрэя Свірыдава. Цягам апошніх чатырох гадоў кітайская фірма пазычыла забудоўшчыку маёнтка пад Сочы мінімум 929 млн расейскіх рублёў, ці больш за 10 млн долараў.

Фінансавала будаўніцтва таксама расійская кампанія "Даміно". Яе дырэктар, беларус Дзмітрый Жукоўскі, працаваў у ТАА "Глобалкастам", звязанай з Шэйманам.

Апошняе прадпрыемства, якое выявілі расследвальнікі, — зарэгістраванае ў Расіі ТАА "Беван". Яна таксама мела гандлёвыя сувязі з Winshun Trade Limited. А ў яе заробкавых ведамасцях згадваецца прозвішча грамадзяніна Беларусі Юрыя Грышука. Ён паміж 2013 і 2018 гадамі працаваў у дзвюх кампаніях, звязаных з Віктарам Шэйманам, — "Глобалкастам" і ТАА "Белферумгруп". Родная сястра Грышука — Таццяна Аношка, якая разам з мужам уваходзіць у кола самых давераных менеджараў Шэймана.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.