Рашэнне па адкрыцці мяжы Літва прыме пасля перамоваў аб вяртанні грузавікоў
Чарга грузавікоў / BNS
На 18 лістапада прызначаная сустрэча прадстаўнікоў літоўскіх і беларускіх памежных службаў. Яны правядуць тэхнічныя перамовы аб вяртанні ў Літву больш як тысячы фураў, якія затрымаліся ў Беларусі. Намеснікі кіраўнікоў памежных службаў павінны сустрэцца непасрэдна на мяжы, піша LRT.
Акрамя таго, у аўторак адбудзецца пасяджэнне Нацыянальнай камісіі па бяспецы (NSK), дзе будуць абмяркоўваць як сітуацыю з грузавікамі, так і становішча ў сувязі з кантрабанднымі паветранымі шарамі, якія запускаюцца з Беларусі.
Старшыня Камітэта Сейма па замежных справах сацыял-дэмакрат Рэмігіюс Матузас кажа, што ад выніку перамоваў будзе залежаць, калі Літва адкрые памежныя пераходы з Беларуссю: "Рашэнне аб адкрыцці мяжы будзе вызначацца, перш за ўсё, вынікамі тэхнічных перамоў. Але пакуль, зыходзячы з сітуацыі, якая склалася, усё ідзе да таго, што межы могуць быць адкрытыя раней за 30 лістапада".
Паводле яго, адкрыць мяжу з Беларуссю патрабуюць не толькі літоўскія перавозчыкі, але і Кітай, а таксама краіны Цэнтральнай Азіі, незадаволеныя перабоямі ў ланцужках паставак.
Пра магчымасць адкрыцця мяжы да 30 лістапада ў панядзелак паведаміў міністр замежных спраў Літвы Кястуціс Будрыс.
Літва часова закрыла памежныя пераходы з Беларуссю ў канцы кастрычніка пасля масавага запуску кантрабандных аэрастатаў з цыгарэтамі. У адказ беларускія ўлады забаранілі фурам з літоўскімі нумарамі пакідаць краіну праз які-небудзь іншы ўчастак мяжы, акрамя беларуска-літоўскага.
Віцэ-прэзідэнт Літоўскай нацыянальнай асацыяцыі аўтаперавозчыкаў Linava Алегас Тарасавас сцвярджае, што на спецыяльныя стаянкі ў Беларусі перамешчана каля 1,25 тыс. транспартных сродкаў, уключаючы грузавікі і паўпрычэпы. А яшчэ каля 2 тысяч паўпрычэпаў стаяць па ўсёй тэрыторыі Беларусі.