Рабіла фотасэты ў народных строях, а судзіць будуць за дыскрэдытацыю краіны
Ларыса Шчыракова / baj.by
Былую журналістку Ларысу Шчыракову будуць судзіць за дыскрэдытацыю Беларусі і садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Судовы працэс распачнецца 27 ліпеня ў Гомельскім абласным судзе, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.
У апошнія месяцы жанчына займалася этнафотасэтамі: фатаграфавала людзей у народных беларускіх строях і ў адпаведных месцах.
Шчыракову затрымалі ўвечары 6 снежня ў Гомелі, пісала Радыё "Свабода". Яе сына-падлетка Святаслава тады забралі ў прытулак — "Сацыяльна-педагагічны цэнтр" у Гомельскім раёне. Адтуль яго забраў тата.
Прычыны і абставіны затрымання былі невядомыя, бо па словах крыніцаў “Свабода” ніякай ні актывісцкай, ні журналісцкай дзейнасцю Ларыса апошнія гады не займалася. Сёлета Шчыракова паступіла вучыцца на факультэт псіхалогіі.