Прычынай сутыкнення трамваяў у Мінску магло стаць знікненне электрычнасці

Мінская ДАІ агучыла папярэднюю версію, чаму зранку 24 лютага ў Мінску сутыкнуліся два трамваі.
Як паведамляла Еўрарадыё, здарэнне адбылося на прыпынку "Серабранка-3" у раёне вуліцы Якубава. Адзін з трамваяў стаяў на прыпынку, а другі пад'язджаў да яго. Пры аварыі пацярпелі сем пасажыраў.
Па версіі ДАІ, якую перадае БелаПАН, калі другі трамвай набліжаўся да прыпынку, у ім знікла электрычнасць. Кіроўца кажа, што не змагла скарыстацца ручным тормазам, каб прадухіліць сутыкненне, бо трамвай стаў некіравальным.
Паводле апошніх звестак, цяпер шпіталізаваныя два пацярпелыя. Астатніх пасля агляду адпусцілі дадому.
