Плануецца маштабная перадыслакацыя беларускіх войскаў — Супольнасць чыгуначнікаў

Перавозка вайсковай тэхнікі па чыгунцы, ілюстрацыйнае фота / gov.kz
У Беларусі плануецца маштабная перадыслакацыя войскаў, пад якую фармуюцца чыгуначныя эшалоны. Пра гэта паведамляе Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.
Чыгуначянікі нагадваюць, што з 3 лютага ў краіне пачалася праверка боегатоўнасці Узброеных Сіл. У яе рамках ужо задзейнічалі пэўную колькасць чыгуначнага транспарту — для перавозкі вайсковага кантынгенту, тэхнікі і боепрыпасаў.
Але з 18 лютага на станцыі Багатырова пад Мінскам (былая Дзегцяроўка-тэхнічная) пачаўся яшчэ адзін адбор пасажырскіх вагонаў паводле заказу Мінабароны. Адначасова з гэтым былі пададзеныя заяўкі ў "Белінтэртранс" пра вылучэнне грузавых вагонаў (крытых і вагонаў-платформаў) для перавозкі вайсковай тэхнікі, боепрыпасаў і спадарожнага абсталявання ваеннага прызначэння.
Па стане на 25 лютага 2025 года на станцыі Багатырова было падрыхтавана больш за 48 пасажырскіх вагонаў. Яны прызначаныя для адпраўлення на станцыі, размешчаныя каля буйных вайсковых часцей і аб'ектаў стратэгічнага прызначэння, дзе адбываецца фармаванне вайсковых эшалонаў. У прыватнасці, называюцца наступныя станцыі:
Азярышча — месца размяшчэння 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады;
Барысаў — месца размяшчэння 72-га Аб'яднанага вучэбнага цэнтра Узброеных Сіл Беларусі (АУЦ-72), так званыя "Печы";
Заслонава — месца размяшчэння 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады;
Ласосна — месца размяшчэння 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады;
Слонім — месца размяшчэння 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады.
У Супольнасці чыгуначнікаў адзначаюць, што сярэдні стандартны склад вайсковага эшалона звычайна ўключае:
асабісты склад — 2-3 пасажырскія вагоны (па 50-54 чалавекі);
вайсковую тэхніку — 10-20 платформаў;
грузы і боепрыпасы — 3-5 крытых вагонаў;
камандны, кухонны, медыцынскі або крытыя вагоны суправаджэння — 1-3 вагона.
Агульная даўжыня эшалона можа дасягаць 50-70 умоўных вагонаў (у сярэднім гэта каля 40-50 фактычных вагонаў).
Зыходзячы з гэтых разлікаў, чыгуначнікі прыйшлі да высновы, што ў беларусі прыкладна 16 вайсковых эшалонаў. Для Беларусі гэта даволі значнае аб'ём вайсковых перавозак.
Па стане на 25 лютага большая частка з запланаваных 48 пасажырскіх вагонаў ужо адпраўлена на станцыі прызначэння.
Пры гэтым сёння на станцыю Багатырова вярнуліся 11 вагонаў, якія выкарыстоўвалі на этапе праверкі боегатоўнасці, якая пачалася 3 лютага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.