“Кіберпартызаны” распавялі пра праблемы “Аэрафлота” пасля атакі

Усё дрэнна — інсайдары пра наступствы кібератакі / Аэрофлот
Мінула два з паловай месяцы пасля таго, як “Кіберпартызаны” разам з хактывістамі з Silent Crow знішчылі ўнутраную IT-інфраструктуру расійскай авіякампаніі “Аэрафлот”. Цяпер яны паведамілі, як гэта паўплывала на працу кампаніі.
Паводле “Кіберпартызанаў”, разлік рабочых планаў палётаў запаволіўся ў 4–5 разоў. Дыспетчары паспяваюць забяспечваць дакументамі толькі міжнародныя рэйсы і палёты ўнутры Расіі працягласцю ад чатырох гадзін. Астатнія рэйсы — а гэта каля паловы ўсіх пералётаў — выконваюцца без паўнавартаснага рабочага плана палёту: без разліку паліва, метэададзеных і іншай неабходнай інфармацыі.
У парушэнне правілаў у “Аэрафлоце” спрабуюць рабіць гэтыя разлікі ў авіясімулятарах, якія не прызначаныя для рэальнай эксплуатацыі. Пілоты кароткіх рэйсаў на падставе няпоўнай дакументацыі разлічваюць паліва або з дапамогай спампаванага авіясімулятара, або “дзядаўскім спосабам” — проста павялічваючы запас паліва на 3–5 тон. Гэта прыводзіць да перарасходу паліва, шматмільярдных страт і стварае дадатковыя рызыкі для бяспекі палётаў.
“Кіберпартызаны” падкрэсліваюць, што ў “Аэрафлоце” замест таго, каб прыпыніць рэйсы да поўнага аднаўлення сістэм, вырашылі зэканоміць і перакласці ўсе наступствы на пасажыраў — у выглядзе зніжанай бяспекі пералётаў.
Гэта, паводле іх, свядомы выбар — паставіць акцыянераў на першае месца, а пасажыраў — на апошняе. Хактывісты не рэкамендуюць карыстацца паслугамі гэтай авіякампаніі дзеля ўласнай бяспекі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.