У "Аэрафлоце" паніка — "Кіберпартызаны"

"Аэрафлот", ілюстрацыйнае фота
У "Аэрафлоце" пасля атакі хактывістаў пашкоджаная амаль уся інфраструктура на базе Windows. Гэта выклікала паніку ў кампаніі.
Пра гэта "Кіберпартызаны" даведаліся ад крыніцы ў кампаніі "Салар", якая спецыялізуецца на інфармацыйнай бяспецы.
"У "Аэрафлоце" цяпер паніка. Практычна ўся інфраструктура на базе Windows аказалася пашкоджаная — паштовыя сэрвісы, файлавыя сховішчы і дамен знаходзяцца ў непрацаздольным стане. Шкода носіць сістэмны характар. Ёсць асцярога, што на "Салар" збіраюцца павесіць усіх сабак", — перадаюць "Кіберы" словы сваёй крыніцы.
Паводле яе, у "Аэрафлоце цяпер займаюцца поўным пераўсталяваннем аперацыйных сістэм, ставяць новыя серверы ці выкарыстоўваюць аналагічныя сістэмы даччыных авіякампаній.
"Самыя крытычна важныя для палётаў сістэмы — цэнтроўка, рэгістрацыя пасажыраў. Рэгістрацыю аднавілі. Цэнтроўка самалётаў выконваецца ўручную. SAP, АККОРД, Crew было балюча падымаць. Кажуць, што аднавілі, але быццам усё яшчэ ў працэсе. Пасажыраў даводзіцца апавяшчаць праз знешнія сэрвісы. Астатнія сістэмы (Amos, 1c, пошта і многія інш.) пакуль недаступныя", — паведамляе крыніца.
Атаку на "Аэрафлот" 28 ліпеня зладзілі "Кіберпартызаны" разам з групай Silent Crow. Яны знішчылі больш за 7 тысяч сервераў і працоўных станцый, базы даных і ўнутраныя сістэмы. У выніку "Аэрафлот" быў вымушаны адмяніць дзясяткі рэйсаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.