У Мінску на тры гады абмяжуюць рух па адной з цэнтральных вуліц

Вуліца Багдановіча ў Мінску, ілюстрацыйнае фота

Вуліца Багдановіча ў Мінску, ілюстрацыйнае фота / onliner.by

Да 2028 года ў Мінску часткова абмяжуюць рух транспарту па адной з цэнтральных вуліц — Максіма Багдановіча.

Гэта выклікана будаўніцтвам трэцяй лініі метро, паведамляюць у дзяржаўным прадпрыемстве "Сталічны транспарт і сувязь".

Рух перакрыюць на ўчастку ад вуліцы Кульман да вуліцы Веры Харужай у адным напрамку. Таксама па вуліцы Веры Харужай нельга будзе праехаць проста і налева праз скрыжаванне з вуліцай Багдановіча пры руху з боку вуліцы Куйбышава.

Вуліцу перакрыюць ужо 11 кастрычніка 2025 года. Абмежаванні працягнуцца да заканчэння работ, якое запланавана на 2028 год.

Памяняецца і рух грамадскага транспарту.

Тралейбусы №22, 40 і 40А ад плошчы Якуба Коласа і вуліцы Куйбышава будуць рухацца па маршруце: Веры Харужай — Багдановіча — Кульман — Крапоткіна — Веры Харужай, а назад — як і раней.

Аўтобус №29 з боку вуліцы Куйбышава будзе ехаць па вуліцы Веры Харужай, Багдановіча, Кульмана і Карастаянавай. У зваротным напрамку ён будзе рухацца ранейшым маршрутам.

Аўтобусы №91, 1008‑ТК і 1111‑ТК ад вуліцы Леаніда Бяды будуць праязджаць па вуліцах Куйбышава, Янкі Купалы, Багдановіча, а далей па сваіх маршрутах. Зваротны маршрут будзе такім, як і цяпер. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.