Латвія абмяжоўвае аўтобусныя рэйсы з Беларусі і Расіі

Латвія спыняе нерэгулярныя рэйсы праз мяжу, ілюстрацыйнае фота / vid.gov.lv
Латвія ўводзіць абмежаванне на нерэгулярныя аўтобусныя зносіны з Беларуссю і Расіяй. Абмежаванне пачне дзейнічаць з 1 лістапада, паведамляе Міністэрства транспарту Латвіі.
Адпаведнае распараджэнне ведамства 7 кастрычніка зацвердзіў урад Латвіі. Латвійскі бок заяўляе, што ў сувязі з сітуацыяй у рэгіёне апошнім часам вырасла колькасць нерэгулярных аўтобусных перавозак з Беларусі і Расіі, што прывяло да затораў на прыгранічных дарогах.
"Такая сітуацыя стварае дадатковыя рызыкі для бяспекі — уключаючы пагрозы незаконнай міграцыі, разведвальнай дзейнасці замежных спецслужбаў і вярбоўкі грамадзян. Таму неабходна ўвесці абмежаванні на нерэгулярныя міжнародныя пасажырскія перавозкі праз межы з гэтымі краінамі", — заявіў міністр транспарту Аціс Швінка.
Забарона на нерэгулярныя аўтобусныя міжнародныя перавозкі будзе дзейнічаць цягам года — да 31 кастрычніка 2026-га. Яна распаўсюджваецца на ўсіх перавозчыкаў незалежна ад краіны рэгістрацыі юрыдычнай асобы або транспартнага сродку.
Латвія захоўвае рэгулярныя пасажырскія перавозкі, арганізаваныя ў адпаведнасці з міжурадавымі пагадненнямі і заканадаўствам, "як бяспечную альтэрнатыву для перасячэння мяжы".
Нерэгулярнымі лічацца перавозкі пасажыраў, якія праводзяцца не паводле загадзя вызначанага маршруту і раскладу, а заказваюцца разава юрыдычнымі ці фізічнымі асобамі. Рэгулярныя перавозкі выконваюцца па вызначаным маршруце і графіку.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.