Пасля закрыцця польскай мяжы перавозчыкі сталі карыстацца чыгункай з Літвы

Чыгунка, ілюстрацыйнае фота

Чыгунка, ілюстрацыйнае фота / knews.by

Пасля таго, як Польшча закрыла мяжу з Беларуссю для ўсіх відаў транспарту, некаторыя лагістычныя кампаніі знайшлі новую схему перавозак. Яны адпраўляюць тавар чыгункай праз Літву.

"Па маршруце руху цягніка ёсць грузавыя тэрміналы. Да такога тэрмінала — у Каўнасе, Лодзі, Дуйсбургу — пад'язджае гружаная машына з прычэпам. Адчапляе прычэп, ён грузіцца на спецвагон — і тавар паехаў на ўсход. Чыгуначная мяжа Літва-Беларусь адкрытая і працуе",перадае выданне MOST словы прадстаўніка транспартна-лагістычнай кампаніі.

У якасці плюсоў ён называе тое, што ў чыгуначнай платформы няма рэжыму працы і адпачынку кіроўцы, яна не чакае ў чарзе на мяжы.

Тавар праязджае частку маршруту чыгункай, потым прычэп зноў чапляюць да цягача. Такое падарожжа дазваляе эканоміць на выдаткахў, звязаных з кантэйнернымі перавозкамі: не ўсюды ёсць кантэйнерны тэрмінал, а арэнда кантэйнера таксама патрабуе грошай.

Раней кампаніі не карысталіся такім спосабам, але цяпер ён набывае папулярнасць.

"Палякі кажуць, што гэты шлях моцна ўдарыць па польскіх перавозчыках, якія былі арыентаваныя на ўсход. Калі гэтая схема запрацуе актыўна, то польская мяжа для грузавікоў можа і не адчыняцца", — дадае прадстаўнік транспартнай кампаніі.

Польшча закрыла мяжу з Беларуссю апоўначы 12 верасня. Афіцыйна забарона была звязаная з васковымі вучэннямі "Захад-2025", актыўная фаза якіх доўжылася да 16 верасня. Мера будзе дзейнічаць нявызначаны час — пакуль польскі бок не пераканаецца ў бяспецы сваіх межаў з боку Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.