Пасля няўдалага штурму мяжы мігранты закідалі літоўскіх памежнікаў камянямі

Мігранты на беларуска-літоўскай мяжы

Мігранты на беларуска-літоўскай мяжы / delfi.lt

Група мігрантаў на беларуска-літоўскай мяжы закідала памежнікаў камянямі. Гэта здарылася пасля няўдалага штурму мяжы ўвечары ў чацвер, 3 ліпеня.

Інцыдэнт быў зафіксаваны ў Лаздзійскім раёне, дзе мяжа Літвы з Беларуссю праходзіць па рацэ Мара, паведамляе DELFI. На тэрыторыі Літвы стаіць фізічны бар'ер — чатырохметровы плот з калючым дротам зверху. Так літоўцы абараняюцца ад нелегальнага пранікнення.

З боку Беларусі да мяжы прыйшла група з 14 мігрантаў з прыстаўной лесвіцай. Усе мігранты былі мужчынамі 20-40 гадоў, фізічна здаровымі і моцнымі. Яны спрабавалі цішком перабрацца праз агароджу на мяжы. Памежнікі заўважылі іх з дапамогай відэакамер і адразу ж выехалі на месца здарэння. Пабачыўшы памежнікаў, мігранты ўцяклі ўглыб Беларусі, кінуўшы лесвіцу, якую потым забралі памежнікі.

Раззлаваныя няўдачай, мігранты прайшлі ўздоўж мяжы і выйшлі на адкрытае месца каля ракі. Там яны кідалі камяні ў памежнікаў і іх машыны. Адзін камень пашкодзіў левае пярэдняе крыло бездарожніка Toyota Land Cruiser. Памежнікі не пацярпелі.

Гэта не першы выпадак, калі нелегалы кідаюць у памежнікаў камяні і палкі. Даволі часта такія выпадкі здараюцца і пры кантактах парушальнікаў мяжы з польскімі памежнікамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.