Пару, якая прадавала рэдкіх катоў з Беларусі, затрымалі ў Іспаніі

У Іспаніі прадавалі дзікіх катоў, прывезеных з Беларусі / МУС Іспаніі
На востраве Маёрка іспанскія ўлады арыштавалі пару, якую падазраюць у кантрабандзе, развядзенні і продажы праз інтэрнэт экзатычных відаў катоў, а таксама іншых рэдкіх жывёл. У іх ліку называюць белых тыграў, пум і дымчастых леапардаў, перадае Бі-Бі-Сі са спасылкай на МУС Іспаніі.
Супрацоўнікі Грамадзянскай гвардыі Іспаніі правялі ператрус у доме і выявілі там 19 прадстаўнікоў сямейства катовых, у тым ліку каракала, двух сервалаў і яшчэ 16 асобін гібрыдных парод. Падчас аперацыі яны забралі вялікую колькасць дакументаў, якія цяпер вывучаюцца.
Гэты рэйд быў часткай шырокай аперацыі, якая пачалася ў сакавіку мінулага года. Адзін чалавек ужо трапіў пад следства за продаж праз інтэрнэт ахоўных відаў жывёл. Іспанскія праваахоўнікі сцвярджаюць, што жывёлы, выяўленыя на Маёрцы, складаюць толькі вяршыню айсберга глабальнай злачыннай арганізацыі, у якую ўваходзяць заводчыкі, кантрабандысты і ветэрынары.
У ведамстве адзначаюць, што большасць жывёл былі ўвезеныя кантрабандай на тэрыторыю ЕС з такіх краін, як Расія, Беларусь і Украіна. "Жывёлы таксама былі ўвезены ў ЕС праз мяжу Польшчы з Беларуссю і адтуль распаўсюджваліся па падробленых дакументах", — кажуць у МУС Іспаніі.
Затрыманая на Маёрцы пара актыўна вяла сацсеткі, дзе размяшчала абвесткі аб продажы жывёл. Яны прапаноўвалі купіць белых тыграў, дымчастых леапардаў, рысяў, гіен, пантэр і пум. Напрыклад, дымчасты леапард быў ацэнены ў 60 тысяч еўра.
У МУС Іспаніі кажуць, што мода на дзікіх катоў у якасці хатніх жывёл прыйшла з Расіі і Украіны. Аднак гэтым жывёлам трэба шмат месца і яны могуць праяўляць агрэсію, праз што з'яўляюцца небяспечнымі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.