Па справе аб пажары ў Кемераве затрыманыя ўжо 7 чалавек

Па справе аб пажары ў Кемераве затрыманыя ўжо 7 чалавек

Па справе аб пажары ў Кемераве затрыманыя ўжо 7 чалавек. Шостай фігуранткай справы стала генеральны дырэктар “Кемераўскага кандытарскага камбіната”, кампаніі-уласніка будынка гандлёвага цэнтра “Зімовая вішня” Юлія Багданава. Па месцы яе жыхарства правялі ператрусы. Багданавай выставяць абвінавачанне ў парушэнні патрабаванняў пажарнай бяспекі. Следства высветліла, што да яе неаднаразова звярталіся падначаленыя і інфармавалі пра недахопы сістэмы супрацьпажарнай бяспекі ў “Зімовай вішні”, аднак гендырэктар не зрабіла ніякіх захадаў, каб вырашыць гэтыя праблемы, займалася выключна здачай у арэнду новых гандлёвых плошчаў, паведамляе meduza.io.

Сёмай затрыманай стала абласны начальнік інспекцыі будаўнічага нагляду Танзілія Камкова. Яе падазраюць у злоўжыванні паўнамоцтвамі. Па версіі следства, гандлёвы цэнтр “Зімовая вішня” быў пабудаваны без дазволу, а чыноўніца нічога не зрабіла.

Трагедыя здарылася 25 сакавіка. Падчас пажару загінулі 64 чалавекі, у тым ліку 41 дзіця. Крымінальную справу распачалі па трох артыкулах — “прычыненне смерці па неасцярожнасці”, “парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі, што пацягнула па неасцярожнасці смерць двух і больш асоб”, “аказанне паслуг, якія не адпавядаюць патрабаванням бяспекі”. Раней былі арыштаваныя 5 чалавек: кіраўніца гандлёвага комплексу Надзея Судзёнак, тэхнічны дырэктар Кемераўскага кандытарскага камбінату Георгій Собалеў, прадстаўнікі кампаніі “Сістэмны інтэгратар” Аляксандр Нікіцін і Ігар Палазіненка (яны адказвалі за пажарную бяспеку ў гандлёвым цэнтры), ахоўнік Сяргей Анцюшын. Следства цікавіцца чыноўнікамі, якія давалі дазвол на ўвод будынка “Зімовай вішні” ў эксплуатацыю (ён быў перабудаваны з памяшкання фабрыкі).