Новыя звальненні ў медыцынскай супольнасці не пацвердзіліся

Рэктар ГрДМУ Віктар Сняжыцкі / ostrovets.by
Рэктар ГрДМУ Віктар Сняжыцкі / ostrovets.by

Пасля таго, як быў звольнены заслужаны ўрач Беларусі, кардыёлаг Аляксандр Мрочак, у Тэлеграме з'явіліся чуткі пра яшчэ два звальненні ў медыцынскай супольнасці. Іх ахвярамі сталі дырэктар РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі Рышард Сідаровіч і рэктар ГрДМУ Віктар Сняжыцкі.

Паводле звестак Еўрарадыё, і дырэктар РНПЦ, і рэктар ГрДМУ раніцай панядзелка знаходзяцца на сваіх працоўных месцах.

Не ведаю, мне пра гэта нічога не вядома, — адказвае рэктар Віктар Сняжыцкі на пытанне аб яго звальненні. — Я выйшаў на працу, працую.


У размове з дырэктарам РНПЦ нейрахірургіі Еўрарадыё адмовілі, але па рэакцыі яго сакратара можна было зразумець, што ён таксама знаходзіцца на працоўным месцы.


Затрыманні медыкаў на вулічных акцыях 9-13 жніўня і пазней спарадзілі пратэсты ў асяроддзі медыцынскіх работнікаў. Яны не супакойваюцца да гэтага часу. 


Працягваюцца і затрыманні лекараў. Апошняе на дадзены момант адбылося 29 жніўня падчас Вялікага жаночага маршу на плошчы Перамогі — быў затрыманы анестэзіёлаг-рэаніматолаг 1-й мінскай гарадской клінічнай бальніцы Ігар Таболіч. Па іроніі, медыкі выйшлі на гэты марш з расцяжкай: "Я лячу тваіх родных. Страляючы ў мяне, трапляеш у іх".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.