На выхадных ДАІ ўзмоцніць кантроль за дарожным рухам ля месцаў адпачынку

На выхадных вакол месцаў масавага адпачынку для забеспячэння бяспекі дарожнага руху і эфектыўнага выяўлення кіроўцаў у стане ап’янення ДАІ будзе прымяняць тактыку звужанай паласы, так званыя фільтры. А аўтамабільныя патрулі аўтаінспекцыі будуць узмоцнены супрацоўнікамі дарожна-патрульнай службы на матацыклах.

У сярэднім за суткі ў выхадныя дні за кіраванне транспартам у нецвярозым стане затрымліваюць 120 кіроўцаў.

У вячэрні і начны час інспекцыя надасць асаблівую ўвагу выяўленню і спыненню парушэнняў з боку кіроўцаў мотатранспарту. Будуць праведзены рэйдавыя мерапрыемствы з прыцягненнем дружыннікаў па адпрацоўцы месцаў забаўляльных мерапрыемстваў, аўтадарог паблізу клубаў, кругласутачных кафэ, начных магазінаў, паведамляе БелаПАН.

У Дзятлаўскім, Слонімскім (Гродзенская вобласць), Бярэзінскім (Мінская вобласць), Бялыніцкім (Магілёўская вобласць) і Аршанскім (Віцебская вобласць) раёнах будзе працаваць спецпадраздзяленне ДПС “Страла”.

Фота: dle-news.ru