На выбарчыя ўчасткі адправілі больш за 5 тысяч ратавальнікаў
На "электаральным мерапрыемстве" ратавальнікаў спатрэбілася больш, чым на святы / sb.by
На выбарчыя ўчасткі адправілі больш за 5 тысяч ратавальнікаў. Яны мусяць "забяспечыць бяспеку". Пра гэта ў аўторак паведаміў міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі. Паводле яго слоў, "на баявым дзяжурстве" стаяць паўтары тысячы адзінак тэхнікі. А яшчэ арганізавана праца "аператыўных груп ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі". Ратавальнікаў рыхтуюць да "розных магчымых інцыдэнтаў у перыяд правядзення выбараў".
Для параўнання — падчас навагодніх святаў дзяжурства ва ўзмоцненым рэжыме ў нашай краіне неслі толькі каля 3500 супрацоўнікаў МНС.
Яшчэ тры гады таму Аляксандр Лукашэнка загаварыў пра ўзбраенне супрацоўнікаў МНС. Паводле яго меркавання, у выпадку ўзброенага канфлікту ратавальнікі "не толькі пажар будуць тушыць". І той жа Сіняўскі адрапартаваў, што ўзбраенне ратавальнікаў ужо завяршылі.