Пажар на "Нафтане" ліквідавалі
Пажар на "Нафтане" / прэс-служба МНС
Ратавальнікам удалося ліквідаваць пажар на тэхналагічнай ўстаноўцы на тэрыторыі нафтаперапрацоўчага завода "Нафтан" у Наваполацку. Пра гэта прэс-служба МНС паведаміла каля 10:20.
На месцы здарэння працаваў штаб ліквідацыі надзвычайнай сітуацыі, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі завода і работнікі МНС.
У зону аварыі была арганізавана падача інэртных газаў — для разбаўлення гаручых рэчываў і матэрыялаў. 12 лафетных ствалоў былі задзейнічаныя ў астуджэнні аварыйнай устаноўкі і ўстановак, размешчаных побач.
Пра пажар на "Нафтане" стала вядома зранку 6 лістапада. Там загарэлася дызельнае паліва тэхналагічнай устаноўкі. У барацьбе з агнём удзельнічалі 17 машын МНС.
Паведамляецца, што пры здарэнні ніхто не пацярпеў.