На Віцебшчыне банда рабавала і да смерці збівала вяскоўцаў

Іх падазраюць у дзёрзкіх разбойных нападах на жыхароў Бешанковіцкага і Віцебскага раёнаў.

Як паведамляе БелаПАН, уначы 22 ліпеня ў адзін з дамоў вёскі Берастні Бешанковіцкага раёна ўварваліся два невядомыя ў масках з прарэзамі для вачэй і рота. Нападнікі збілі мужа і жонку, якія жывуць у доме, чымсьці накшталт бейсбольных бітаў і звязалі іх. Злачынцы забралі 1 млн рублёў, ювелірныя ўпрыгожанні і ўцяклі. Пасля нападу жанчына доўгі час знаходзілася на лячэнні, а яе муж памёр у лякарні ад атрыманых траўмаў.

Праз тыдзень, ноччу 30 ліпеня, аналагічнае злачынства было зарэгістраванае ў вёсцы Падлазнікі Віцебскага раёна. Там нападнікі забралі ў сямейнай пары не менш за 300 тысяч рублёў, а таксама залатыя ўпрыгожанні і мабільны тэлефон. Гаспадара дома збілі так, што праз тыдзень ён памёр.

Па гарачых слядах міліцыянты затрымалі двух мужчын — 41 і 38 гадоў. Раней яны разам адбывалі пакаранне ў папраўчай установе. Абодва раней былі неаднаразова судзімыя за здзяйсненне карыслівых злачынстваў. У момант затрымання ў асабістых рэчах падазраваных знайшлі скрадзеную маёмасць.

Зараз затрыманым выставілі абвінавачанне. Абодва яны ўзятыя пад варту.

Збор доказаў па крымінальнай справе працягваецца, дадаткова запланаваны шэраг следчых дзеянняў і аператыўных мерапрыемстваў.

Фота — telegraf.by