На пасаду кіраўніка федэрацыі футболу прэтэндуюць толькі людзі Кавальчука

Вялікі перадзел у беларускім футболе выходзіць на фінішную прамую / abff.by
Першы намеснік старшыні Беларускай федэрацыі футболу Андрэй Васілевіч зняў сваю кандыдатуру з выбараў кіраўніка БФФ. Ён быў чалавекам з каманды Мікалая Шарснёва, які сышоў у адстаўку пасля пераходу ў Адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі.
Цяпер на пасаду новага кіраўніка федэрацыі прэтэндуюць толькі людзі міністра спорту Беларусі Сяргея Кавальчука — гэта Яўген Булойчык і Андрэй Талмач. Такім чынам, барацьба за грошы УЕФА скончылася перамогай Кавальчука.
Што здарылася?
Еўрарадыё раней распавядала пра жорсткае супрацьстаянне паміж міністрам спорту Кавальчуком і кіраўніцтвам АБФФ у асобе Мікалая Шарснёва. Былы ахоўнік Лукашэнкі Сяргей Кавальчук з 2022 года актыўна ўмешваўся ў футбольную гаспадарку. Хоць па правілах УЕФА гэта строга забаронена і можа пацягнуць санкцыі супраць нацыянальнай федэрацыі — аж да адхілення клубаў і зборнай ад міжнародных спаборніцтваў.
Нягледзячы на тое, што Лукашэнка публічна падтрымаў Шарснёва, Кавальчук працягнуў закулісныя інтрыгі і дамогся таго, што беларускім футболам будуць кіраваць яго людзі.
Нагадаем, што выбары новага кіраўніка федэрацыі адбудуцца 17 ліпеня.
У якасці прыза — 10 мільёнаў еўра, якія штогод атрымлівае федэрацыя футболу ад УЕФА.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.