Новы кіраўнік федэрацыі футбола — гэта не пра футбол, а пра грошы. Меркаванне

Новы віток унутрывідавай барацьбы. За грошы. УЕФА / noc.by
У федэрацыі футбола Беларусі будзе новы старшыня. У старога — Мікалая Шарснёва — яшчэ не скончыўся тэрмін прыдатнасці, але яго паклікалі на павышэнне аж у Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі.
На ролю новага кіраўніка прадказваюць падначаленага міністра спорту Сяргея Кавальчука — Яўгена Булойчыка. І вось чаму гэта не пра развіццё футбола і новыя падыходы, а пра ўнутрывідавую барацьбу за кармушку.
Піша Максім Камерэр
Федэрацыя футбола Беларусі — гэта арганізацыя, якая атрымлівае грошы ад УЕФА. Грошы для цяперашняй Беларусі проста велізарныя. У год — каля 10 мільёнаў еўра. Гэтыя сродкі ідуць (ну, або павінны ісці) на падтрымку і развіццё футбола, на будаўніцтва новай інфраструктуры.
Федэрацыя дае справаздачу за гэтыя грошы ў выканкаме. Куды і колькі выдаткавана. Гэтую справаздачу атрымлівае і УЕФА. Усе задаволеныя і шчаслівыя.
І вось тут крыецца галоўная інтрыга: хто будзе асвойваць гэтыя грошы. Хто будзе будаваць новыя стадыёнчыкі (таму што стадыёны ў нас сягоння будуюць кітайцы) для дзетак, закупляць мячы, экіпіроўку і многае іншае.
У чые кішэні пацякуць мільёны еўра?
Раней у гэты бок асабліва не глядзелі, ну што такое нейкія 10 млн еўра, калі на паліўным схематозе можна было зарабіць мільярды! Але часы наступілі цяжкія, цяпер кожная капейка, прабачце, еўрацэнт, на ўліку.

Чаму я ўпэўнены, што Кавальчук з'еў Шарснёва?
Пасада старшыні федэрацыі футбола — гэта пра палітычную вагу. Гэтая персона не вырашае праблемы на месцах, не займаецца закупкамі мячоў і іншым. Гэта пра размеркаванне патокаў сваім.
Больш за тое, старшыня гэты пост можа сумяшчаць з асноўным месцам працы. Вось Сяргею Румасу не перашкаджала быць кіраўніком Банка развіцця і нават прэм'ер-міністрам і руліць праз сваіх намеснікаў футболам. Або Генадзь Нявыглас — увогуле быў кіраўніком Адміністрацыі Лукашэнкі і сядзеў у крэсле старшыні федэрацыі футбола.
А Шарснёва паклікалі да Лукашэнкі і адабралі пост. Хоць цалкам маглі пакінуць. Але не пакінулі.
Што ж будзе?
А будзе паскарэнне дэградацыі. Будуць новыя чысткі ў футбольных клубах. Усе, хто ў першай унутрывідавай вайне быў на баку Шарснёва, пойдуць на вуліцу, калі наогул супраць некаторых не завядуць крымінальныя справы.

Будзе так, як было ўжо пры любой дыктатуры, якая выкарыстоўвала спорт у сваіх мэтах.
Што можа гэтаму перашкодзіць?
Так, амаль нічога. Ёсць, праўда, адна схема, цалкам легальная. Новага старшыню абіраюць таемным галасаваннем члены выканкама федэрацыі футбола. Калі ў іх ёсць яйкі, то яны могуць бясконца пракатваць стаўленіка Кавальчука.
Можна напісаць ліст ва УЕФА і расказаць, што адбываецца. Паспрабаваць праз гласнасць і ціск у СМІ.
Таму што, калі прыйдуць людзі Кавальчука, вас там усіх паставяць да сценкі. Вобразна кажучы.
Але я ў такі сцэнар не веру.
Таму купляю папкорн і, пускаючы скупую мужчынскую слязу, гляджу на фінальныя тытры гэтай драмы.
Гэты тэкст-меркаванне аўтара, якое можа не супадаць (а можа і супадаць) з меркаваннем рэдакцыі Еўрарадыё. Калі вы таксама хочаце выказацца па актуальнай для Беларусі тэме — пішыце на [email protected] з пазнакай "Меркаванне".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.